Падведзены вынікі летняй спартакіяды — 2023 сярод работнікаў арганізацыі НАН Беларусі, прысвечанай Году міру і стваральнай працы. Першае месца заняла каманда НПЦ НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі; другое — ДП “КОНУС”; трэцяе — Інстытут фізікі імя Б. І. Сцяпанава НАН Беларусі. 28 жніўня 2023 года ўзнагароды ўручаны кіраўнікам арганізацый — генеральнаму дырэктару НПЦ НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі Дзмітрыю Комлачу і дырэктару Інстытута фізікі Сяргею Гапоненку. Віншуем пераможцаў!
26 жніўня 2023 года на базе дзіцячага аздараўленчага лагера «Фатон» адбылася «Летняя спартакіяда – 2023». У ёй прыняло ўдзел 60 каманд навуковых арганізацый НАН Беларусі. З прывітальным словам на адкрыцці спаборніцтваў выступілі намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Сяргей Антонавіч Чыжык, старшыня аб’яднанага прафсаюзнага камітэта Іван Андрэевіч Бараноўскі, старшыня Беларускага саюза жанчын НАН Беларусі Юлія Васільеўна Качурка і старшыня Савета маладых навукоўцаў Станіслаў Сцяпанавіч Юрэцкі.
Навукоўцы Акадэміі навук прабягалі крос, праходзілі паласу перашкод, выпрабоўвалі цягавітасць у групавых скачках на мегаскакалцы, правяралі згуртаванасць каманды ва ўстаноўцы палаткі і высвятлялі, ці з’яўляецца іх капітан самым спрытным. Сапраўдным сюрпрызам для ўдзельнікаў і гасцей свята стала паказальнае выступленне 14-га асобнага палка ўрадавай сувязі. Падтрымка балельшчыкаў была на вышыні!