Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

02.09.2023

Фестываль навукі 2023 прайшоў у Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі

2 верасня 2023 года ў Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі прайшоў Фестываль навукі – 2023. Гэта найбуйнейшае ў краіне навукова-папулярнае мерапрыемства праводзілася ўжо пяты раз.

З кожным годам фестываль становіцца ўсё больш папулярным. Сёлета яго ўдзельнікамі сталі больш за 20 тысяч чалавек.

Адным з гасцей фестывалю навукі стаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергеенка. Яму прадэманстравалі распрацоўкі ў розных сферах, у тым ліку сельскай гаспадаркі, прамысловасці, медыцыны, экалогіі, прыродакарыстання, аховы навакольнага асяроддзя. Пасля цырымоніі ўрачыстага адкрыцця Старшыня Прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў адзначыў, што важна пазнаёміць моладзь з дасягненнямі навукі, паказаць, на што яна здольная, як адбываюцца навуковыя даследаванні, якія можна атрымаць вынікі. «На фестывалі вельмі шмат дзяцей, і мы хацелі б зацікавіць іх, каб яны з ранніх гадоў захапляліся навукай. І ў свой час прыйшлі ва ўніверсітэты, а затым і ў навуку. Наша задача — не столькі прэзентаваць складаныя навукаёмістыя тэхналогіі, колькі паказаць, наколькі навука цікавая і прывабная», — падкрэсліў ён.

На юбілейным фестывалі былі прадстаўлены традыцыйныя зоны, сярод якіх «Медыцына», «Робаты», «Космас», і адкрыты зусім новыя фарматы, напрыклад, зона навуковай фантастыкі Sci-fi, пляцоўка сустрэчы са знакамітымі навукоўцамі, пісьменнікамі і касманаўтамі і нават канцэрт аркестра робатаў.

Пра ўсё, што вас хвалюе — ад галаўнога болю да хвароб крыві, — можна было даведацца на пляцоўцы «Медыцына». Навукоўцы і лекары прыадкрылі заслону таямніцы ў працэсы, якія дазваляюць атрымліваць сучасныя лекі, і ў з’явы, якія праходзяць ўнутры нас саміх. На гэтай пляцоўцы музей займальных навук «Квантум» паказаў сваю экспазіцыю, прысвечаную чалавечаму целу.

Упершыню на фестывалі навукі была арганізавана пляцоўка на стыку навукі і фантастыкі – зона Sci-fi. Тут мы ўбачылі, як навука ўплывае на масавую культуру і як масавая культура прапануе навуцы шлях для развіцця.

Упершыню ў мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі з Расійскай Федэрацыі: навукова-пазнавальны цэнтр «Запаведнае пасольства» парку «Зараддзе» і РХТУ імя Мендзялеева з майстар-класамі і навуковымі шоу. Ужо традыцыйным госцем нашага фестывалю стаў Усерасійскі фестываль НАВУКА 0+ з вялікай разнастайнай пляцоўкай.

Беларускія навукоўцы паказалі сябе на выстаўцы-конкурсе «100 інавацый маладых вучоных», якая паспяхова стартавала ў 2022 годзе. На пляцоўцы «Універсітэт будучыні» Міністэрства адукацыі расказала пра дасягненні навукі і актуальныя спецыяльнасці ў вядучых ВНУ краіны.

У рамках пляцоўкі «Космас» была арганізавана серыя лекцый пра касмічныя аб’екты і іх даследаванне, тэлескопы і спадарожнікі. У працы лакацыі «Космас» прыняў удзел лётчык-касманаўт Расійскай Федэрацыі, Герой Расійскай Федэрацыі, член атрада касманаўтаў навукова-даследчага выпрабавальнага цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю. А. Гагарына Алег Навіцкі. Кандыдаты на касмічны палёт ад Беларусі Марына Васілеўская і Анастасія Лянкова расказалі пра падрыхтоўку да палёту і адказалі на пытанні наведвальнікаў пляцоўкі.

На фестывалі працавала пляцоўка «ATOM TEAM», арганізаваная ІЦАЭ г. Мінска пры падтрымцы інжынірынгавага дывізіёна Дзяржкарпарацыі «Расатам». Наведвальнікаў чакалі інжынерныя майстар-класы і інтэлектуальныя гульні, навуковыя інтэрактывы і атамныя віктарыны. Любы ахвочы мог запусціць ланцуговую рэакцыю, разагнаць Кола Да Вінчы ці сабраць радыёпрыёмнік, які працуе без батарэек, катушку Тэслы, якая запальвае лямпачкі без правадоў, і камеру Вільсана, у якой можна ўбачыць радыяцыю. У завяршэнні дня вядомы фізік, папулярызатар навукі, лаўрэат прэміі «Асветнік. Digital» Дзмітрый Пабядзінскі прачытаў лекцыю «Дасягненні сучаснай фізікі».

Вялікае значэнне для будучыні чалавецтва маюць беражлівыя адносіны да прыроды і навакольнага асяроддзя. Таму на мерапрыемстве была арганізавана пляцоўка «Экалогія», на якой кожны мог даведацца больш інфармацыі аб правільным сартаванні смецця, важнасці азонавага пласта, небяспецы ультрафіялетавага выпраменьвання, а таксама аб тым, як працуюць бактэрыі і чым «пахне» мікрабіялогія.

У рамках пляцоўкі «Робаты» ўжо пяты раз сабраліся найлепшыя школы і арганізацыі краіны ў сферы STEAM-адукацыі і робататэхнікі. Кожны змог спраектаваць, сабраць і запраграмаваць робата, ацаніць магчымасці штучнага інтэлекту, а таксама трапіць на сапраўдны канцэрт аркестра робатаў. Прама на пляцоўцы фестывалю адбыліся спаборніцтвы па адукацыйнай робататэхніцы. Удзельнікі стваралі робатаў, якія маглі пераадольваць перашкоды, змагацца адзін з адным на рынгу і гуляць у футбол.