Загадчык аддзела археалогіі сярэдніх вякоў і новага часу Інстытута гісторыі НАН Беларусі Андрэй Вайцяховіч удастоены ганаровага звання «Мінчанін года».
Ганаровае званне «Мінчанін года» штогод прысвойваецца Мінгарвыканкамам за высокія дасягненні ў працы, значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае і культурнае развіццё сталіцы і іншыя заслугі. У гэтым годзе было прадстаўлена 13 намінацый. У галіне вышэйшай адукацыі і навукі ганаровага звання ўдастоены загадчык аддзела археалогіі сярэдніх вякоў і новага часу Інстытута гісторыі НАН Беларусі Андрэй Вайцяховіч. Кандыдат гістарычных навук, дацэнт ужо больш за 20 гадоў займаецца археалогіяй сярэднявечча. Зараз Андрэй Вайцяховіч працуе над важным для краіны праектам – археалагічным комплексам на рацэ Менка. Навуковец адзначыў: «Мы праводзім там маштабныя раскопкі, каб устанавіць, ці з’яўляецца гэтая мясцовасць месцам першапачатковага Мінска. Калі гэта так, будзем ствараць там археалагічны музей — яшчэ адзін аб’ект для турыстаў і мінчан».
Сярод 13 пераможцаў, якія ўдастоены ганаровага звання «Мінчанін года» — урачы, выкладчыкі, прадстаўнікі сферы авіяцыі, адукацыі, будаўніцтва і культработнікі. Гэтыя людзі розных прафесій, але аб’ядноўвае ўсіх іх адна мэта — зрабіць сваёй працай сталіцу і краіну яшчэ больш квітнеючымі.
ФОТА — БЕЛТА