Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

15.09.2023

У Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа прайшла ІІ Міжнародная навуковая канферэнцыя «Сучасныя праблемы анамастыкі»

13–14 верасня 2023 г. у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі прайшла ІІ Міжнародная навуковая канферэнцыя «Сучасныя праблемы анамастыкі (да 100-годдзя з дня нараджэння акадэміка М.В. Бірылы)».

У навуковым форуме прынялі ўдзел вядучыя беларускія вучоныя, а таксама лінгвісты з Расіі, Узбекістана, Прыднястроўя. У дакладах былі разгледжаны актуальныя пытанні даследавання тапаніміі і антрапаніміі, праблемы ўпарадкавання анамастычнай тэрміналогіі, ахарактарызавана ўжыванне онімнай лексікі ў мастацкіх творах і фальклорных тэкстах, адзначана роля тапаніміі ў вывучэнні гісторыі краіны з улікам яе сацыяльна-эканамічных, ландшафтных, кліматычных асаблівасцей у розныя эпохі.

У рамках мерапрыемства адбыўся таксама круглы стол «Мікалай Васільевіч Бірыла: шматграннасць асобы». Была адзначана роля акадэміка ў даследаванні актуальных праблем анамастыкі, сучаснай беларускай мовы, дыялекталогіі і тэрміналогіі. У рабоце круглага стала прынялі ўдзел родныя і калегі М.В. Бірылы, якія падзяліліся ўспамінамі пра асобу мовазнаўца.