15 верасня 2023 года ў НАН Беларусі адбыўся Круглы стол, прысвечаны Дню народнага адзінства.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел члены Прэзідыума НАН Беларусі, акадэмікі-сакратары, вядучыя вучоныя Акадэміі навук, гісторыкі, сацыёлагі, мастацтвазнаўцы, маладыя вучоныя. У час Круглага стала вучонымі былі ўзняты тэмы значэння ўз’яднання беларускага народа ў гісторыі беларускай дзяржаўнасці, далейшым сацыяльна-эканамічным, сацыяльным і культурным развіцці беларускага народа. На форуме разгледжаны нацыянальны гісторыка-філасофскі кантэкст ідэй кансалідацыі грамадства, асветлены вынікі апошніх сацыялагічных даследаванняў вучоных, у якіх прааналізавана стаўленне жыхароў сучаснай Беларусі да каштоўнасцей, якія нас аб’ядноўваюць, а таксама тэмы народнага адзінства ў беларускім кіно, роля песеннай творчасці ў патрыятычным выхаванні.
Як падкрэсліў, выступаючы на мерапрыемстве, Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, Дзень народнага адзінства — акт аднаўлення гістарычнай справядлівасці. «17 верасня 1939 года — адна з ключавых дат у беларускай гісторыі. Ацэньваючы падзеі тых лёсавызначальных дзён, можна з упэўненасцю сказаць, што галоўная сіла, якая забяспечыла ўз’яднанне народа Заходняй Беларусі і БССР — імкненне народа годна жыць у адзінай дзяржаве, якое ідзе з глыбіні стагоддзяў». Ацэньваючы падзеі тых лёсавызначальных дзён, Старшыня Прэзідыума падкрэсліў, што «шматлікія апублікаваныя і архіўныя крыніцы сведчаць пра тое, што абсалютную большасць беларускага насельніцтва як заходняй, так і Усходняй Беларусі з вялікім патрыятычным уздымам сустракалі савецкія войскі, падтрымліваючы ўз’яднанне беларускага народа. Абсалютная большасць жыхароў Заходняй Беларусі сустракалі воінаў Чырвонай арміі як сваіх збавіцеляў ад польскага прыгнёту». Гаворачы пра значэнне Дня народнага адзінства ў сённяшняй гісторыі краіны і пра тыя задачы, якія стаяць сёння перад вучонымі Акадэміі навук, Уладзімір Гусакоў падкрэсліў, што ў сучаснай абстаноўцы вучоным-гуманітарыям варта актыўна працягваць работу па аднаўленні гістарычнай праўды як складніка дзяржаўнай палітыкі ў галіне захавання гістарычнай памяці беларускага народа і выхавання падрастаючых пакаленняў.