Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

27.09.2023

НАН Беларусі прыняла ўдзел у 26-й Міжнароднай выстаўцы «ТэхІнаПрам»

26–28 верасня 2023 года НАН Беларусі прыняла ўдзел у 26-й Міжнароднай выстаўцы тэхналогій і інавацый у прамысловасці «ТэхІнаПрам», якая праходзіла ў рамках Беларускага прамыслова-інавацыйнага форуму. Прадстаўнікі 11 падведамных НАН Беларусі арганізацый прадэманстравалі гасцям выстаўкі звыш 75 найноўшых распрацовак для патрэб рэальнага сектара эканомікі.

27 верасня 2023 года ў рамках дзелавой праграмы выстаўкі на пляцоўцы Прэзідыума НАН Беларусі адбыўся «Форум інавацый: Расія — Беларусь», на якім былі абмеркаваны актуальныя пытанні навукова-тэхналагічнага развіцця Саюзнай дзяржавы ва ўмовах геапалітычных выклікаў і пагроз. Арганізатарам мерапрыемства выступіў Нацыянальны даследчы тэхналагічны ўніверсітэт МІСІС (г. Масква, Расія) сумесна з навукоўцамі і спецыялістамі НАН Беларусі. З прывітальным словам да ўдзельнікаў форуму звярнуўся першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Сяргей Чыжык.

З 26 па 28 верасня ў Мінску праходзіў Беларускі прамыслова-інавацыйны форум. У яго праграму былі ўключаны выстаўка тэхналогій і інавацый у прамысловасці «ТэхІнаПрам», выстаўка абсталявання і тэхналогій для зваркі і рэзкі «Прафзварка», выстаўка хімічнай і нафтагазавай прамысловасці і навукі «Хімія. Нафта і газ», выстаўка абсталявання і тэхналогій для вытворчасці «Палімеры і кампазіты».