Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

02.10.2023

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі аб’яўляе аб правядзенні конкурсу «Топ-10» вынікаў дзейнасці вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў галіне фундаментальных і прыкладных даследаванняў за 2023 год.

На конкурс прадстаўлены ўпершыню атрыманыя або завершаныя ў 2023 годзе вынікі навуковай дзейнасці вучоных і навуковых калектываў, якія працуюць у галіне фундаментальных і прыкладных даследаванняў, у выглядзе публікацый і інавацыйных распрацовак, калі яны адпавядаюць наступным крытэрыям: вынік апублікаваны ў выданні, якое мае высокі імпакт-фактар; публікацыя ўключана ў міжнародныя базы даных; атрыманая прынцыпова новая навуковая інфармацыя ўпершыню апублікавана ў выглядзе кніжнага выдання (главы ў манаграфіі) і мае важнае значэнне для прагрэсу айчыннай і сусветнай навукі, будзе аказваць істотны ўплыў на развіццё эканомікі краіны, рашэнне сацыяльных, экалагічных і іншых праблем; на аснове вынікаў даследаванняў створаны аб’ект новай тэхнікі (спосаб, тэхналагічны працэс), па большасці тэхнічных параметраў адпаведны сусветнаму ўзроўню.

Права вылучэння намінантаў для ўдзелу ў конкурсе «Топ-10» даецца навуковым арганізацыям НАН Беларусі і правадзейным членам (акадэмікам) НАН Беларусі. Арганізацыя (акадэмік) можа вылучыць некалькі аўтарскіх калектываў (індывідуальных аўтараў) для ўдзелу ў конкурсе «Топ-10».

Арганізацыі (Акадэмікі), якія вылучаюць намінантаў на конкурс, прадстаўляюць наступны камплект дакументаў:

ліст аб прадстаўленні намінантаў на адрас Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, падпісаны кіраўніком арганізацыі альбо акадэмікам, які ўключае кароткае матываванае прадстаўленне намінантаў і характарыстыку іх навуковых дасягненняў;

сціслую фармулёўку выніку (не больш за 400 знакаў); у выпадку вылучэння цыкла навуковых прац дадаткова пазначыць пералік работ, уключаных у цыкл;

спіс усіх навуковых прац намінантаў, апублікаваных па тэме атрыманага выніку, з указаннем імпакт-фактараў выданняў, у якіх апублікаваныя вынікі;

копіі навуковых прац намінантаў, апублікаваных у 2023 годзе па тэме атрыманага выніку;

копіі дакументаў, якія пацвярджаюць важнасць распрацоўкі для сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь (патэнты, аўтарскія пасведчанні, акты ўкаранення навуковых вынікаў у практычную дзейнасць і (або) навучальны працэс), пры іх наяўнасці;

даведку-аб’ектыўку кожнага з намінантаў;

зводную заяўку (з формай заяўкі можна азнаёміцца тут) у выглядзе файла, сумяшчальнага з MS Word, і раздрукоўкі, падпісанай кіраўніком арганізацыі альбо акадэмікам.

Камплект дакументаў з пазнакай «На конкурс “Топ-10” вынікаў дзейнасці вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па выніках 2023 года» накіроўваецца ў профільнае аддзяленне НАН Беларусі да 1 снежня 2023 г.

З Палажэннем аб конкурсе «Топ-10» вынікаў дзейнасці вучоных НАН Беларусі ў галіне фундаментальных і прыкладных даследаванняў можна азнаёміцца тут.

Тэгi
#конкурс