Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

02.10.2023

Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі правёў апытанне па ацэнцы сістэмы школьнай адукацыі

З мэтай вывучэння стаўлення насельніцтва Рэспублікі Беларусь да сістэмы школьнай адукацыі Інстытутам сацыялогіі НАН Беларусі праведзена тэлефоннае апытанне. Даследаванне праводзілася 21 чэрвеня — 11 ліпеня 2023 ва ўсіх абласных гарадах і г. Мінску, асобных раённых гарадах і сельскіх населеных пунктах. Мэтавая выбарачная сукупнасць склала 900 рэспандэнтаў ва ўзросце да 60-ці гадоў (памылка выбаркі ± 3,3 %).

Ацэньваючы працу сістэмы школьнай адукацыі Рэспублікі Беларусь, 71,7 % грамадзян краіны адгукнуліся аб ёй у станоўчым ключы. Нейтральна да працы гэтай сістэмы ставіцца кожны пяты апытаны (20,9 %), адмоўна — усяго 5,6 %. Не змаглі даць адказ 1,8 %.

Пры гэтым рэспандэнтам было зададзена пытанне аб тым, ад чаго, на іх думку, залежыць узровень адукацыйнай падрыхтоўкі навучэнца. Самым важным удзельнікі апытання лічаць жаданне самога дзіцяці адказна вучыцца (80,3 %). На другім месцы размешчаны ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі педагогаў (61,2 %), а на трэцім — імкненне саміх бацькоў даць дзіцяці адукацыю (48,4 %).

Апытаныя таксама звярталі ўвагу на здольнасці дзіцяці (42,4 %), наяўнасць магчымасці наведваць бясплатна гурткі/заняткі па выбары (26,2 %), узровень адукацыі бацькоў дзіцяці (18,9 %) і матэрыяльны дабрабыт сем’яў у цэлым (14,1 %). Варыянт “Іншае” выбралі 2,2 % апытаных. Не змаглі даць адказ — 1,6 %.

Меркаванні апытаных аб тым, якім чынам неабходна праводзіць адбор ва ўстановы вышэйшай адукацыі, размеркаваліся наступным чынам: за вяртанне школьных экзаменаў і замену цэнтралізаванага тэсціравання на класічныя ўступныя экзамены выступілі 30,0 % рэспандэнтаў. Таксама падтрымліваюць вяртанне экзаменаў па заканчэнні школы, але з захаваннем цэнтралізаванага тэсціравання 21,2 % удзельнікаў апытання. Лічаць, што неабходна аб’яднаць школьныя экзамены з уступнымі экзаменамі 16,7 % рэспандэнтаў. Толькі кожны дзясяты ўдзельнік апытання (11,7 %) выступае за тое, каб пакінуць цэнтралізаваны экзамен і цэнтралізаванае тэсціраванне. Мяркуюць, што неабходна замяніць усе цэнтралізаваныя тэсты на цэнтралізаваныя экзамены, 8,7 % апытаных. Варыянт “іншае” выбралі 2,0 % рэспандэнтаў. Цяжкасць пытанне выклікала ў 9,8 %.

Большасць беларусаў так ці інакш станоўча ставяцца да ўвядзення адзіных элементаў школьнага адзення ва ўстановах адукацыі (камізэлька, гальштук, значок і г. д.): пра гэта заявілі 70,4 % апытаных. У той ці іншай ступені адмоўна ставяцца да такіх новаўвядзенняў 26,9 % рэспандэнтаў. Не змаглі адказаць усяго 2,7 %.

На больш канкрэтнае пытанне адносна ўвядзення абавязковай школьнай формы для ўсіх навучэнцаў 69,7 % апытаных адказалі, што падтрымліваюць гэтую прапанову. Адмоўна паставіліся б да такога новаўвядзення 28,6 % рэспандэнтаў. Не змаглі адказаць 1,7 % удзельнікаў апытання.