Авангардная каманда 16-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі адправіцца на лядовы кантынент у пачатку лістапада. Пра гэта паведамлена 3 кастрычніка 2023 года на сустрэчы старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Гусакова з удзельнікамі 16-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі. Мерапрыемства было прысвечана пытанням падрыхтоўкі да новага сезона 2023–2024 гадоў. Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў на сустрэчы адзначыў: «Галоўнае — каб экспедыцыя была згуртаванай і была гатова выконваць важныя дзяржаўныя задачы. І галоўная задача — развіццё нашай станцыі ў Антарктыдзе». Звяртаючыся да ўдзельнікаў экспедыцыі, Уладзімір Гусакоў падкрэсліў, што палярнікі павінны памятаць, што яны прадстаўляюць краіну і павінны працаваць зладжана і эфектыўна. Пра тое, як праходзіць работа па рэалізацыі лагістычных, тэхнічных, арганізацыйных і даследчых задач 16-й БАЭ, расказалі намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Аляксандр Кільчэўскі, начальнік Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў Уладзімір Рыжыкаў, начальнік БАЭ Аляксей Гайдашоў, намеснік акадэміка-сакратара Аддзялення хіміі і навук аб Зямлі Уладзімір Левашкевіч, дырэктар Інстытута прыродакарыстання Сяргей Лысенка, акадэмік Уладзімір Логінаў і іншыя ўдзельнікі сустрэчы.
Як далажыў начальнік Беларускай антарктычнай экспедыцыі Аляксей Гайдашоў, работа па рэалізацыі лагістычных, тэхнічных, арганізацыйных і даследчых задач 16-й БАЭ праходзіць у планавым рэжыме. Сёлета ў Антарктыду адправяцца 13 чалавек. У камандзе — 7 спецыялістаў, якія ўжо маюць досвед працы ў Антарктыдзе і 6 чалавек — пачаткоўцы. Важны момант — навуковыя супрацоўнікі складаюць палову складу экспедыцыі.
На сустрэчы ў НАН Беларусі былі падрабязна абмеркаваны ўсе пытанні па рэалізацыі комплексу арганізацыйных і матэрыяльна-тэхнічных мерапрыемстваў, накіраваных на падрыхтоўку і правядзенне сезона 2023–2024 гадоў, абмеркаваны навукова-тэхнічныя мерапрыемствы, якія павінны выканаць удзельнікі 16-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі ў рамках падпраграмы «Развіццё дзейнасці Беларускай антарктычнай станцыі» Дзяржаўнай праграмы «Навукова-інавацыйная дзейнасць Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» на 2021–2025 гады.