29 верасня 2023 года Беларуская сельскагаспадарчая бібліятэка імя І. С. Лупіновіча НАН Беларусі сумесна з Інстытутам гісторыі і Навуковым саветам па кніжнай культуры, кнігавыданні і бібліятэках МААН правялі II Міжнародную навуковую канферэнцыю «Сельская гаспадарка Беларусі скрозь прызму навуковых даследаванняў», прымеркаваную да 95-годдзя НАН Беларусі. Партнёрамі канферэнцыі выступілі Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў і Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Навуковая праграма канферэнцыі ўключала каля 30 дакладаў, якія былі прадстаўлены на пленарным пасяджэнні і ў ходзе работы трох секцый.
У працы канферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі розных галін навукі — гістарычных, сельскагаспадарчых, педагагічных, архітэктуры: супрацоўнікі акадэмічных навуковых устаноў, аспіранты, дактаранты, прафесарска-выкладчыцкі склад устаноў адукацыі, кіраўнікі і спецыялісты бібліятэк, архіваў, музеяў Беларусі і Расіі. У ходзе работы канферэнцыі былі разгледжаны некаторыя пытанні аграрнай гісторыі Беларусі, прадстаўлены вынікі даследаванняў розных аспектаў станаўлення і развіцця сельскагаспадарчых ведаў у мінулым і гісторыі ўкаранення дасягненняў навукі ў практыку, закранута значэнне ролі асобы ў гісторыі аграрнай навукі і развіцці сельскай гаспадаркі, аддадзена ўвага пытанням інтэлектуальнай спадчыны і сучаснага стану аграрнай навукі, а таксама тэме захавання і раскрыцця сельскагаспадарчай навуковай інфармацыі ў бібліятэчнай практыцы.
У рамках канферэнцыі дэманстраваліся выставы літаратуры «Беларускія аграрныя выданні пачатку ХХ стагоддзя» і «Сельская гаспадарка Беларусі скрозь прызму навуковых даследаванняў», падрыхтаваныя супрацоўнікамі Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэкі, а таксама экспанаваліся альбомы фотадакументаў «Фотакалекцыя дарэвалюцыйнага перыяду (кал. М. З. Тагрын, В. І. Каляда)», «Мінскі трактарны завод» і «Гомельская абласная сельскагаспадарчая выстава 1951 г.», складзеныя ў розныя гады супрацоўнікамі Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў. Прапанаваныя матэрыялы выклікалі вялікую цікавасць ва ўдзельнікаў канферэнцыі.
Даклады ўдзельнікаў II Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Сельская гаспадарка Беларусі скрозь прызму навуковых даследаванняў», прымеркаванай да 95-годдзя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, апублікаваны ў зборніку дакладаў, які быў падрыхтаваны і выдадзены да дня правядзення мерапрыемства.