Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

14.11.2023

Прэм’ер-міністр Кубы Мануэль Марэра Крус наведаў ГП «Акадэмфарм»

11 лістапада 2023 года прэм’ер-міністр Кубы Мануэль Марэра Крус наведаў ДП «Акадэмфарм», дзе адбылася сустрэча з прадстаўнікамі навуковай і медыцынскай супольнасці Беларусі. Як адзначыў Мануэль Марэра Крус, Беларусь і Куба павінны знайсці новыя магчымасці для развіцця супрацоўніцтва ў галіне біятэхналогій і фармацэўтыкі. «Мы павінны нарошчваць наша ўзаемадзеянне. Гэта тэма можа мець добры эфект не толькі для Беларусі, але і для краін — удзельніц Еўразійскага эканамічнага саюза. Куба з’яўляецца назіральнікам пры ЕАЭС. Мы лічым, што гэта можа быць адным з кірункаў, з якім мы можам увайсці на гэты рынак. Куба гатовая стаць акном для ўваходу Беларусі на рынак Лацінскай Амерыкі, а Беларусь можа стаць акном для ўваходу Кубы на рынак ЕАЭС. У галіне навукі і інавацый мы бачым бясконцую прастору для ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва на ўзаемавыгаднай аснове», — рэзюмаваў кіраўнік кубінскага ўрада.

У час сустрэчы з прэм’ер-міністрам Кубы Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў падкрэсліў, што Беларусь адкрыта для супрацоўніцтва з Кубай ва ўсіх сферах навуковай дзейнасці. Ён адзначыў, што візіт кубінскай дэлегацыі і цікавасць да распрацовак НАН Беларусі з’яўляюцца чарговым яркім пацвярджэннем ролі навукі і тэхналогій у працэсе ўстойлівага развіцця эканомік Беларусі і Кубы. НАН Беларусі надае асаблівае значэнне супрацоўніцтву з навуковымі і вытворчымі арганізацыямі Кубы, дадаў ён. «Толькі за апошні год па выніках двухбаковых візітаў нашых дэлегацый падпісана 66 дагавораў, работы па якіх у цяперашні час актыўна рэалізуюцца ў нашых краінах. Кубінскаму боку для рэгістрацыі было перададзена два прэпараты, і два прэпараты разглядаюцца для рэгістрацыі ў Беларусі. Таксама падрыхтавана яшчэ дзесяць такіх прэпаратаў для ўзаемнага абмену», — сказаў Уладзімір Гусакоў.

Пасля перамоў дэлегацыя Кубы на чале з прэм’ер-міністрам наведала цэх па вытворчасці лекавых прэпаратаў. У стадыі будаўніцтва знаходзіцца другі цэх прадпрыемства, які плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2024 годзе. Зараз на ДП «Акадэмфарм» вырабляецца каля 45 найменняў лекаў.

Уладзімір Гусакоў прапанаваў Кубе стварыць сумеснае фармацэўтычнае прадпрыемства на базе ДП «Акадэмфарм». Уладзімір Гусакоў нагадаў, што прэм’ер-міністр Кубы ўжо ўздымаў пытанне аб стварэнні сумеснай фармацэўтычнай вытворчасці. «Мы прапануем разгледзець пытанне стварэння такога прадпрыемства на базе ДП “Акадэмфарм”. Больш таго, для гэтага ёсць усе падставы, таму што ўжо будуецца другая чарга прадпрыемства. Напрыклад, гэтую вытворчасць можна стварыць сумесна з кубінскім канцэрнам “Біякубафарма”», — заявіў Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі.

У канцы сустрэчы быў падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве паміж ДП «Акадэмфарм», РУП «Цэнтр экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя» і кубінскім канцэрнам «БіяКубаФарма».