З 14 па 16 лістапада 2023 года на базе НАН Беларусі адбыліся мерапрыемствы Міжнароднага фестывалю навукі Саюзнай дзяржавы.
У мерапрыемствах міжнароднага фестывалю навукі Саюзнай дзяржавы ў НАН Беларусі прынялі ўдзел звыш 100 маладых вучоных навуковых арганізацый Беларусі і Расіі. Удзельнікі Фестывалю пазнаёміліся з апошнімі распрацоўкамі вучоных Акадэміі навук на пастаянна дзеючай выставе НАН Беларусі «Дасягненні айчыннай навукі — вытворчасці», прынялі ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці і пленарным пасяджэнні, наведалі Музей гісторыі НАН Беларусі і Музей старажытнабеларускай культуры НАН Беларусі. Маладыя вучоныя азнаёміліся з дзейнасцю цэлага шэрагу навуковых арганізацый НАН Беларусі: Інстытута гісторыі, Інстытута эканомікі, Інстытута філасофіі, НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах, Цэнтральнага батанічнага саду НАН Беларусі, Інстытута фізікі імя Б. І. Сцяпанава НАН Беларусі і Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі. На базе Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі адбыўся навукова-практычны інтэнсіў і выпрацоўка сумесных праектаў.
У рамках Міжнароднага фестывалю навукі Саюзнай дзяржавы прайшла рабочая сесія кіраўнікоў Саветаў маладых вучоных. У сустрэчы прынялі ўдзел прадстаўнікі НАН Беларусі, АІЯІ, РУДН, СПбГАСУ, САФУ, СМУ Ніжагародскай вобласці РФ, Праектнага офіса «Расія — Беларусь». Былі выпрацаваны ключавыя напрамкі супрацоўніцтва і вызначаны прыярытэтныя задачы на найбліжэйшую перспектыву і доўгатэрміновыя праекты. 15 лістапада было заключана Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Саветамі маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Аб’яднанага інстытута ядзерных даследаванняў. Галоўная мэта Пагаднення — актывацыя супрацоўніцтва маладых вучоных НАН Беларусі і АІЯД з мэтай папулярызацыі навукі і дасягнення высокіх навуковых вынікаў. Плануецца правядзенне сумесных школ, лекторыяў, абмен інфармацыяй і спецыялістамі нашых арганізацый.
У рамках Міжнароднага фестывалю навукі Саюзнай дзяржавы запланавана таксама правядзенне стратэгічных сесій на палях III Кангрэса маладых навукоўцаў 28–30 лістапада 2023 года ў г. Сочы. Асноўнымі задачамі Міжнароднага фестывалю навукі Саюзнай дзяржавы з’яўляюцца прыцягненне таленавітай моладзі Расіі і Рэспублікі Беларусь у сферу навуковых даследаванняў і распрацовак, абмен вопытам і садзейнічанне ўключэнню маладых даследчыкаў у вырашэнне сацыяльназначных задач развіцця Саюзнай дзяржавы. У рамках правядзення фестывалю маладыя даследчыкі пазнаёмяцца з дзейнасцю перадавых навукова-даследчых інстытутаў Расіі і Беларусі, прымуць удзел у сумесных практычных даследаваннях (праектах), прэзентацыях, а таксама прапануюць свае мадэлі перспектыўнага развіцця навуковых галін у кантэксце Саюзнай дзяржавы.
З беларускага боку арганізатарам фестывалю выступае НАН Беларусі. Арганізатары з расійскага боку — Мінадукнавукі Расіі, Каардынацыйны савет па справах моладзі ў навуковай і адукацыйнай сферах Савета пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі па навуцы і адукацыі і Праектны офіс Міжнароднага моладзевага супрацоўніцтва «Расія — Беларусь».