22–23 лістапада 2023 года ў дзелавым і культурным комплексе Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі адбудзецца XVI Беларуска-Расійская навуковая канферэнцыя «Сучасныя праблемы кніжнай культуры: асноўныя тэндэнцыі і перспектывы развіцця», якая праводзіцца ў рамках дзейнасці Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук. Навуковы форум традыцыйна праходзіць пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі, яго дзелавога і культурнага комплексу. Арганізатарамі выступаюць: НАН Беларусі (Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі, Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі) і Расійская акадэмія навук (навуковы і выдавецкі цэнтр «Навука» Расійскай акадэміі навук).
У працы Беларуска-Расійскай навуковай канферэнцыі прымуць удзел навукоўцы і вядучыя спецыялісты з акадэмій навук, найбуйнейшых устаноў адукацыі, музеяў, архіваў, бібліятэк Беларусі і Расіі, Азербайджана. Канферэнцыя збірае гісторыкаў, філолагаў, культуролагаў, мастацтвазнаўцаў, псіхолагаў, кнігазнаўцаў, выдаўцоў — прадстаўнікоў розных навуковых школ і даследчых кірункаў. Плануецца абмеркаваць шырокі спектр пытанняў з міждысцыплінарным падыходам, звязаных з гістарычнай памяццю і кніжнай культурай як фактарам яе фарміравання, інфармацыйнай культурай асобы і грамадства ў цэлым, чытаннем, яго трансфармацыяй і сацыякультурнымі наступствамі, з пункту гледжання каштоўнасна-светапоглядных аспектаў, гісторыяй кніжных і рукапісных збораў, архіўных дакументаў, бытаваннем рэдкіх старадрукаваных выданняў, мастацтвам у прасторы кніжнай культуры. Немалая роля ў фарміраванні гістарычнай памяці, развіцці грамадства належыць біяграфіцы і энцыклапедыстыцы, электронным нацыянальным рэсурсам.
Канферэнцыя пройдзе ў рамках работы пленарнага і 4 секцыйных пасяджэнняў. З праграмай канферэнцыі можна азнаёміцца на сайце
https://csl.bas-net.by