Маштабны міжнародны ізаляцыйны навуковы эксперымент «SIRIUS» Scientific International Research In Unique terrestrial Station (навуковае даследаванне ва ўнікальным наземным комплексе), які праводзіцца на базе ФДБУН «Дзяржаўны навуковы цэнтр Расійскай Федэрацыі Інстытут медыка-біялагічных праблем Расійскай акадэміі навук» (далей — ІМБП РАН), стартаваў у 2017 годзе і працягваецца па цяперашні час. Мэтай навуковых ізаляцыйных даследаванняў у наземным комплексе з’яўляецца мадэляванне значных падзей у ходзе працяглага знаходжання касманаўтаў на касмічнай станцыі і пры высадцы на іншую планету з мэтай вырашэння праблем медыка-біялагічнага забеспячэння палётаў у далёкі космас. Сакіраўнікамі праекта «SIRIUS» з’яўляюцца дырэктар ІМБП РАН акадэмік Арлоў Алег Ігаравіч і дырэктар праграмы па даследаванні чалавека НАСА (NASA HRP) Уільям Палоскі (William Paloski).
У рамках праекта «SIRIUS» у 2017—2021 гадах былі праведзены эксперыменты па ізаляцыі міжнародных экіпажаў у наземным комплексе:
«SIRIUS-17» працягласцю 17 сутак;
«SIRIUS-19» — 4 месяцы;
«SIRIUS-21» — 8 месяцаў.
У склады экіпажаў уваходзілі даследчыкі з Расіі, ЗША, Германіі і ААЭ.
НАН Беларусі прымала ўдзел у падрыхтоўцы этапу «SIRIUS-19». Прадстаўнік НАН Беларусі, супрацоўнік Цэнтральнага батанічнага саду НАН Беларусі Данііл Дубар прайшоў конкурсны адбор, неабходныя даследаванні і быў залічаны дублёрам у асноўны экіпаж міжнароднага экіпажа наземнага комплексу, а таксама з’яўляўся кандыдатам для ўключэння ў экіпаж наземнага комплексу для васьмімесячнай ізаляцыі.
14 лістапада 2023 года ў ІМБП РАН пачаўся чарговы эксперымент «SIRIUS-23» па ізаляцыі экіпажа з шасці чалавек для імітацыі палёту на месяц, які працягнецца 12 месяцаў, але ўжо без удзелу прадстаўнікоў ЗША (у красавіку 2023 года амерыканцы прыпынілі свой удзел у такіх эксперыментах).
У гэтым эксперыменце прымае ўдзел прадстаўніца Беларусі: Вольга Масціцкая (малодшы навуковы супрацоўнік ДНУ «Інстытут фізіка-арганічнай хіміі НАН Беларусі»), якая ў ходзе эксперымента таксама будзе праводзіць пэўныя навуковыя даследаванні ў інтарэсах шэрагу навуковых арганізацый НАН Беларусі.
Пажадаем Вользе Масціцкай і ўсяму экіпажу эксперыментуа «SIRIUS-23» поспеху ў іх навуковай дзейнасці ў такім працяглым ізаляцыйным эксперыменце.