Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

01.12.2023

У НАН Беларусі адбылося першае пасяджэнне Савета па стратэгічных праектах пры Прэзідэнце Беларусі

30 лістапада ў НАН Беларусі адбылося першае пасяджэнне Савета па стратэгічных праектах пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

У яго рабоце прынялі ўдзел памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Косінец, міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч, старшыня Дзяржкамітэта па навуцы і тэхналогіях Сяргей Шлычкоў, першы намеснік старшыні Мінскага гарсавета Надзея Лазарэвіч, намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Станіслаў Наркевіч, іншыя кіраўнікі міністэрстваў, ведамстваў, галін.

На першым пасяджэнні Савета па стратэгічных праектах пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь было абмеркавана тры пытанні: парадак работы Савета па стратэгічных праектах, крытэрыі стратэгічных праектаў і аднясенне да іх канкрэтных аб’ектаў, а таксама арганізацыя забеспячэння эфектыўнай работы Савета па стратэгічных праектах.

Адкрываючы пасяджэнне, старшыня Савета па стратэгічных праектах пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Уладзімір Гусакоў падкрэсліў важнасць задачы, ускладзенай на Савет Кіраўніком дзяржавы. «На мой погляд, галоўная місія Савета — у тым, каб забяспечыць безумоўнае выкананне рашэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па рэалізацыі буйных праектаў, якія вызначаюць будучыню краіны (такіх, як БелАЭС, БНБК, электратранспарт і шэраг іншых), а таксама сфармаваць “пакет” ініцыятыў на перспектыву», — падкрэсліў Уладзімір Гусакоў. Ён адзначыў, што, перш за ўсё, неабходна глыбіннае разуменне сутнасці “стратэгічнага праекта”. Такі праект павінен адпавядаць шэрагу прынцыпаў і крытэрыяў: ад адпаведнасці патрабаванням нацыянальнай бяспекі да забеспячэння эканамічнай эфектыўнасці, канкурэнтаздольнасці беларускай эканомікі, росту дабрабыту народа. «Стратэгічны праект павінен мець асаблівы статус. Гэта абумоўлена яго ўнясеннем на вышэйшы ўзровень прыняцця рашэння. Значыць, такіх праектаў павінна быць няшмат. Сапраўды буйныя, іміджавыя праекты. Хоць ініцыятыву абмяжоўваць не варта, што і прадугледжвае надыходзячы Год якасці. Галоўнае — стратэгічны праект павінен ствараць зачын на будучыню, быць рэалізавальным у агляднай перспектыве і рэсурсна забяспечаным (кадры, матэрыяльна-тэхнічная база, аб’екты інтэлектуальнай уласнасці — патэнты і ноу-хау, фінансы і інш.)», — падкрэсліў Уладзімір Гусакоў.

На пасяджэнні Савета адзначана, што сёння важна адпрацаваць алгарытм адбору праектаў, як па прапановах профільных дзяржорганаў, так і на аснове ініцыятыў «знізу». Ужо накіраваны лісты з запытам аб магчымых праектных прапановах вышэйшым службовым асобам, кіраўнікам органаў дзяржкіравання, аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама і іншым асобам, якія прымаюць рашэнні (агульная колькасць адрасоў — больш за 60).

Пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь створаны Савет па стратэгічных праектах. Адпаведны ўказ №357 Кіраўнік дзяржавы падпісаў 20 лістапада. Забеспячэнне дзейнасці Савета ўскладаецца на Нацыянальную акадэмію навук Беларусі. Узначаліў Савет Уладзімір Гусакоў. Асноўнымі задачамі Савета вызначаны каардынацыя работы па пошуку і адборы перспектыўных стратэгічных праектаў, а таксама іх суправаджэнне; аналіз іх актуальнасці, палітычнай і эканамічнай мэтазгоднасці, канкурэнтаздольнасці; выпрацоўка прапаноў аб удасканаленні дзейнасці па іх рэалізацыі.