Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

01.12.2023

НАН Беларусі і Рэспубліка Судан будуць развіваць навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва

НАН Беларусі і Рэспубліка Судан будуць развіваць навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва, у першую чаргу, у галіне сельскагаспадарчай вытворчасці, жывёлагадоўлі і перапрацоўкі карысных выкапняў.

Такая дамоўленасць дасягнута 1 снежня ў ходзе перамоў Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Гусакова з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Судан у Рэспубліцы Беларусь спадаром Махамедам Амерам Мусай Алі. У ходзе перагавораў былі абмеркаваны перспектывы развіцця навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва паміж арганізацыямі НАН Беларусі і арганізацыямі Рэспублікі Судан.

Як адзначыў у ходзе сустрэчы Уладзімір Гусакоў, НАН Беларусі надае асаблівае значэнне развіццю ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з Суданам. «У нас вялікая цікавасць да працы з вашай краінай. НАН Беларусі гатова да супрацоўніцтва па ўсіх перспектыўных напрамках у залежнасці ад вашых інтарэсаў. Судан — сельскагаспадарчая краіна. Беларускія навукоўцы гатовыя прапанаваць сваю дапамогу ў адаптацыі насення беларускай селекцыі да ўмоў афрыканскага клімату, а таксама нашу сельгастэхніку для пасеву, уборкі і апрацоўкі ўраджаю. Ваша краіна багатая прыроднымі рэсурсамі. Навуковыя арганізацыі НАН Беларусі гатовыя паставіць у Судан спецыяльныя ўстаноўкі для перапрацоўкі карысных выкапняў, у тым ліку, руд, якія змяшчаюць каштоўныя элементы», — адзначыў Уладзімір Гусакоў. Старшыня Прэзідыума прапанаваў суданскаму боку дапамогу ў галіне жывёлагадоўлі, а таксама ў арганізацыі ў Судане навуковай структуры накшталт НАН Беларусі для навуковага суправаджэння галін эканомікі гэтай афрыканскай краіны.

У сваю чаргу, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Судан у Рэспубліцы Беларусь спадар Махамед Амер Муса Алі адзначыў, што гэта яго першы візіт у НАН Беларусі, і суданскі бок адкрыты для супрацоўніцтва з вучонымі Акадэміі навук. «Судан можа стаць для Беларусі варотамі ў Афрыку. Я бачу, якая развітая Беларусь, на якім высокім узроўні ў вас навука і тэхналогіі. Лічу, што сёння неабходна развіваць супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі і дадзенае супрацоўніцтва будзе карыснае ў розных сферах», — падкрэсліў пасол.

Па выніках перагавораў беларускі і суданскі бок прыйшлі да меркавання, што ў найбліжэйшы час неабходна сфарміраваць дэлегацыі і абмяняцца візітамі вучоных Беларусі і Судана, а таксама падрыхтаваць Мемарандум аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве. У ходзе візіту госці азнаёміліся з апошнімі распрацоўкамі навукоўцаў, якія прадстаўлены на пастаянна дзеючай выставе «Дасягненні айчыннай навукі — вытворчасці».