Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

06.12.2023

НАН Беларусі і Куба будуць рэалізоўваць 18 сумесных навуковых праектаў

5 снежня ў НАН Беларусі адбылася цырымонія абвяшчэння афіцыйнага пачатку рэалізацыі сумесных беларуска-кубінскіх праектаў.

У мерапрыемстве прыняў удзел Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Куба ў Рэспубліцы Беларусь Санцьяга Перэс Бенітэс. З беларускага боку ў цырымоніі прынялі ўдзел намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Аляксандр Кільчэўскі, галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі Васіль Гурскі, старшыня Навуковага савета Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў (БРФФД), дырэктар выканаўчай дырэкцыі БРФФД Аляксей Дайнека, начальнік Галоўнага ўпраўлення міжнароднага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва апарату НАН Беларусі Уладзімір Падкапаеў, вядучы спецыяліст Галоўнага ўпраўлення міжнароднага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва апарату НАН Беларусі Луіза Бяляева.

У пачатку мерапрыемства намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Аляксандр Кільчэўскі адзначыў: «Сёння — знамянальны дзень. Мы адкрываем серыю конкурсаў з Рэспублікай Куба. 29 лістапада 2022 года мы падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Міністэрствам навукі, тэхналогій і навакольнага асяроддзя Рэспублікі Куба, якое ляжыць у аснове нашага конкурсу. У рамках гэтай дамоўленасці ў 2 квартале 2023 года быў аб’яўлены сумесны конкурс. Рэалізацыя была ўскладзена на Беларускі рэспубліканскі фонд фундаментальных даследаванняў. У выніку конкурснага адбору было адабрана 18 праектаў».

Як пакрэсліў на цырымоніі Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Куба ў Рэспубліцы Беларусь Санцьяга Перэс Бенітэс: «Праглядаючы праекты, можна гаварыць аб высокім узроўні развіцця беларуска-кубінскага супрацоўніцтва ў навуковай сферы. І гэта — дзякуючы супрацоўніцтву нашых краін і нашым Прэзідэнтам, якія ставяць развіццё навукі ў аснову. Мы развіваем узаемадзеянне ў многіх сферах. Гэта — фундаментальныя навукі, якія будуць мець канкрэтны вынік, што вельмі важна для эканомік нашых краін».

У рамках Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Міністэрствам навукі, тэхналогій і навакольнага асяроддзя Рэспублікі Куба, падпісанага 29 лістапада 2022 г. у ходзе візіту дэлегацыі НАН Беларусі на Кубу, была дасягнута дамоўленасць аб арганізацыі конкурсу сумесных беларуска-кубінскіх праектаў. У рамках гэтай дамоўленасці ў 2 квартале 2023 г. быў аб’яўлены сумесны конкурс праектаў фундаментальных даследаванняў «НАНБ (БРФФД) — МНТНА–2023»*. На падставе вынікаў дзяржаўнай экспертызы і па ўзгадненні з Міністэрствам навукі, тэхналогій і навакольнага асяроддзя Рэспублікі Куба прынята рашэнне аб выдзяленні 18 грантаў для рэалізацыі сумесных праектаў (спіс прыкладаецца). Устаноўленыя тэрміны пачатку і заканчэння выканання праектаў — са снежня 2023 г. па снежань 2025 г.

Праекты, запланаваныя да рэалізацыі ў рамках конкурсу НАНБ (БРФФД) — МНТНА–2023, маюць высокі узровень навізны, а атрыманыя вынікі дазволяць вырашыць важныя пытанні развіцця навукі ў наступных галінах: матэрыялазнаўства (атрыманне матэрыялаў з палепшанымі фізіка-механічнымі ўласцівасцямі, распрацоўка біяраскладальных змазачных матэрыялаў і пакрыццяў з падвышанай зноса- і каразійнай устойлівасцю); біятэхналогіі (даследаванне і распрацоўка нанавакцын, пошук шматмэтавых злучэнняў для лячэння хваробы Альцгеймера); эканамічныя навукі (распрацоўка метадычных падыходаў да выяўлення нерэалізаванага экспартнага патэнцыялу і ацэнка эканамічных выгад і рызык беларуска-кубінскага супрацоўніцтва і іх апрабацыя, выяўленне дадатковага пераліку таварных пазіцый міждзяржаўнага гандлю) і інш.

«НАНБ (БРФФД) — МНТНА–2023»* — «Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (Беларускі рэспубліканскі фонд фундаментальных даследаванняў) — Міністэрства навукі, тэхналогій і навакольнага асяроддзя Рэспублікі Куба).
Прэс-служба НАН Беларусі