Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

21.12.2023

У НАН Беларусі адбылася прэзентацыя першага тома кнігі «Сі Цзіньпін аб дзяржаўным кіраванні» на беларускай мове

20 снежня 2023 года ў НАН Беларусі адбылася прэзентацыя першага тома кнігі «Сі Цзіньпін аб дзяржаўным кіраванні» на беларускай мове, а таксама сімпозіум па дзяржаўным кіраванні Кітая і Беларусі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел вядомыя палітычныя дзеячы Кітая і Беларусі, прадстаўнікі навуковай супольнасці, студэнцкая моладзь, навукоўцы, эксперты. У рамках сімпозіума, які прайшоў адразу пасля прэзентацыі, удзельнікі форуму абмяняліся думкамі аб вопыце Кітая і Беларусі ў дзяржаўным кіраванні.

З прывітальным словам на прэзентацыі выступіў Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў. Ён падкрэсліў, што Нацыянальная акадэмія навук Беларусі надае асаблівае значэнне супрацоўніцтву з Кітайскай Народнай Рэспублікай — краінай з велізарным навуковым і эканамічным патэнцыялам, з якой у нас склаліся трывалыя стратэгічныя адносіны ва ўсіх сферах, у тым ліку і навукова-тэхнічнай. «31 год таму падпісаннем пагаднення аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве паміж урадамі Рэспублікі Беларусь і КНР былі закладзены асновы двухбаковага ўзаемадзеяння ў галіне навукі і тэхналогій. За мінулыя гады напрацавана салідная дагаворна-прававая база, якая рэгулюе ўзаемаадносіны НАН Беларусі з навуковымі і навукова-вытворчымі структурамі Кітая. Падпісаны шэраг пагадненняў і мемарандумаў аб супрацоўніцтве з Кітайскай акадэміяй навук, Кітайскай акадэміяй грамадскіх навук, Шанхайскай акадэміяй грамадскіх навук, акадэміямі навук правінцый Шаньдун, Хэйлунцзян, Гуандун і інш. Актыўна развіваецца супрацоўніцтва з Пекінскім і Хэнаньскім універсітэтамі, Юйлінскім і Лінаньскім педагагічнымі ўніверсітэтамі, а таксама народнымі ўрадамі гарадоў Харбін, Ліньі, Гуанчжоу, Цзінань, Лішуй і інш.», — адзначыў Уладзімір Гусакоў.

На прэзентацыі беларускага выдання — першага тома «Сі Цзіньпін аб дзяржаўным кіраванні» ў НАН Беларусі выступілі: дырэктар Упраўлення КНР па справах выдання і распаўсюджвання літаратуры на замежных мовах Ду Чжаньюань, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Се Сяаюн; першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Максім Рыжанкоў; першы намеснік Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Андрэй Кунцэвіч, дырэктар Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, старшыня Таварыства дружбы «Беларусь — Кітай» Анатоль Тозік.

Мерапрыемства было арганізавана Інфармацыйным бюро Дзяржсавета КНР сумесна з Упраўленнем па справах выдання і распаўсюджвання літаратуры на замежных мовах КНР і Пасольствам КНР у Рэспубліцы Беларусь. Суарганізатарамі выступілі Выдавецтва літаратуры на замежных мовах (Кітай), выдавецтва «Мастацкая літаратура».