Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

26.12.2023

У НАН Беларусі адбыўся Круглы стол, прысвечаны 105-годдзю абвяшчэння Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь

22 снежня 2023 г. у НАН Беларусі адбыўся Рэспубліканскі круглы стол «Гістарычны шлях Савецкай Беларусі (да 105-годдзя абвяшчэння Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь)».

Яго мэта — захаванне памяці аб найважнейшых падзеях у гісторыі беларускай дзяржаўнасці. Мерапрыемства адкрыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Луцкі. Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў падрабязна спыніўся на пытанні развіцця Беларусі ў савецкі час і падмурку, які пакінуў савецкі народ сучаснасці.

У працы круглага стала прынялі ўдзел вядомыя беларускія і расійскія вучоныя, палітычныя і дзяржаўныя дзеячы, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, студэнты і навучэнцы. Былі разгледжаны такія пытанні, як: гісторыя БССР у працах айчынных і замежных даследчыкаў; палітычная гісторыя Савецкай Беларусі; БССР: гістарычны вопыт сацыяльных, эканамічных і культурных пераўтварэнняў; палітычная і дзяржаўная эліта БССР: гісторыя і лёсы; эвалюцыя ўзаемаадносін рэспублікі і цэнтра: БССР – СССР; эвалюцыя міжнародна-прававой суб’ектнасці БССР і інш. Гэта мерапрыемства будзе садзейнічаць умацаванню даследчых сувязей акадэмічнай і ўніверсітэцкай навукі, папулярызацыі гістарычных ведаў. Матэрыялы круглага стала будуць апублікаваныя і ў далейшым будуць выкарыстаны пры выкананні дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў.