Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

09.02.2024

Навукоўцы Інстытута гісторыі НАН Беларусі пацвердзілі: дата заснавання Слоніма — 1252 год

Дата заснавання Слоніма добра вядомая жыхарам раёна — 1252 год. Аднак апошнім часам актыўна сталі абмяркоўваць альтэрнатыўную дату, ад якой прапаноўвалі адлічваць гады Слоніму, — 1005 год. Падставай для перагляду года заснавання Слоніма сталі звесткі з кнігі «Патэрык Пячэрскі» XVII ст., дзе Слонім згадваецца пад 1005 годам ад нараджэння Хрыстовага (6513 год).

Каб расставіць усе кропкі над «і», Слонімскім раённым выканаўчым камітэтам быў накіраваны ліст у Інстытут гісторыі НАН Беларусі. Пасля комплекснага разгляду існуючых гістарычных і археалагічных звестак спецыялісты Інстытута далі адназначны адказ на пытанне: які год дакладна лічыць годам заснавання Слоніма? Тлумачэнні пачынаюцца з гістарычных звестак. Адзначаецца, што ў гістарыяграфічнай практыцы днём або годам заснавання населенага пункта прынята лічыць дату яго першага згадвання ў гістарычных крыніцах. Пры гэтым у большасці выпадкаў у навукоўцаў атрымліваецца правесці пэўную верыфікацыю, г. зн. даказаць, што населены пункт паўстаў да даты першага згадвання яго ў пісьмовых крыніцах. Як правіла, такім дадатковым пацвярджэннем з’яўляюцца матэрыялы археалагічных даследаванняў. Далей ідзе: дакладнай датай першага згадвання Слоніма ў пісьмовых крыніцах з’яўляецца 1252 год, пра што сведчыць адпаведны запіс у «Іпацьеўскім летапісе». Дата 1005 год змяшчаецца ў тэксце Устаўной граматы «Аб пастаўленні Тураўскай епіскапіі», якая ўваходзіць у склад Кіева-Пячэрскага патэрыка. Але ў навуковай літаратуры аргументавана даказана, што дадзеная Устаўная грамата была напісана толькі ў канцы XIV ст.

Аналіз археалагічных матэрыялаў, атрыманых за другую палову XX - пачатак XXI ст., сведчыць аб тым, што самыя раннія з іх адносяцца да другой паловы XI — пачатку XII ст., што ніякім чынам не можа карэляваць з датай 1005 г. Такім чынам, наяўныя ў гэты час у распараджэнні даследчыкаў Інстытута гісторыі НАН Беларусі археалагічныя матэрыялы адносна горада Слоніма не даюць магчымасці сцвярджаць, што на яго месцы ў канцы X - пачатку XI ст. існавала паселішча. Прыведзеныя вышэй звесткі не дазваляюць спецыялістам Інстытута гісторыі НАН Беларусі пагадзіцца з прапановай аб «Удакладненні года заснавання горада Слоніма» ў сувязі з яго згадваннем у грамаце «Аб пастаўленні Тураўскай епіскапіі» ў 1005 г. Разам з тым Інстытут гісторыі НАН Беларусі не выключае магчымасці выяўлення новых археалагічных артэфактаў і аб’ектаў у ходзе будучых археалагічных даследаванняў, якія, пры адпаведнай прадстаўнічасці, значнасці і інтэрпрэтацыі будуць у стане ставіць і вырашаць пытанне аб больш ранняй гісторыі горада Слоніма.

Падрабязнасці – тут.