Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

21.02.2024

У Міжнародны дзень роднай мовы прайшла Рэспубліканская дыктоўка па беларускай мове

21 лютага 2024 года ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбылася рэспубліканская дыктоўка па беларускай мове. Назва дыктоўкі: «Памяць і гонар».

З прывітальным словам выступіў дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Ігар Капылоў. Дыктоўка прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы, Года якасці і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. «Найвялікшая каштоўнасць для чалавека — жыць пад мірным небам. Працаваць, вучыцца, ствараць сям’ю, нараджаць і выхоўваць дзяцей. Адпаведны тэкст падбіраўся з улікам гэтай знамянальнай даты. Мэта нашай дыктоўкі — праверка ўзроўню валодання нормамі беларускай літаратурнай мовы. Гэта магчымасць звярнуць увагу на прыгажосць і мілагучнасць беларускага слова. Адчуць энергію і самабытнасць роднай мовы, адчуць смак і водар беларускага слова, а таксама прадэманстраваць сваю любоў і павагу да нашай Радзімы, да нашай зямлі, гісторыі, культуры і духоўнай спадчыны, якую стварыў народ», — адзначыў Ігар Лявонавіч у сваім выступе.

З кожным годам колькасць удзельнікаў дыктоўкі расце, сёлета ў мерапрыемстве прынялі ўдзел людзі розных узростаў і прафесій, з Беларусі і замежных краін. У завяршэнне ўдзельнікі дыктоўкі, якія зрабілі найменшую колькасць памылак, атрымалі падарункі — новыя слоўнікі.

Дыктоўка трансліравалася па канале «Культура» Беларускага радыё і на youtube-канале Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

Міжнародны дзень роднай мовы заснаваны ў 1999 годзе на 30-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА для захавання моўнай і культурнай разнастайнасці і адзначаецца штогод 21 лютага.