Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

20.02.2024

Рэспубліканская дыктоўка па беларускай мове пройдзе 21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы

21 лютага з 13.00 да 14.00 у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН (вул. Сурганава, 15, інфармацыйна-выставачны цэнтр, к. 110) адбудзецца Рэспубліканская дыктоўка па беларускай мове, прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Дыктоўка будзе трансліравацца па канале «Культура» Беларускага радыё і на youtube-канале Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі (https://www.youtube.com/@yakub-kolas-institute).

У гэты дзень Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі праводзіць цэлы шэраг мерапрыемстваў. 21 лютага ў 10.00 навукоўцы-дыялектолагі правядуць сустрэчу з навучэнцамі гімназіі № 22 г. Мінска на тэму «Беларускія гаворкі», у час якой раскажуць пра асаблівасці беларускіх народных гаворак, прадэманструюць фільм «Беларускія гаворкі». З 11.00 да 12.30 пройдзе прэзентацыя — практыкум — майстар-клас «Славянскамоўныя тэксты ў арабскаграфічным пісьменстве беларускіх татараў».

У 13.00 пройдзе семінар «Як перамагчы ў навуковым конкурсе: 10 парад ад спецыялістаў» (дзяржаўная ўстанова адукацыі «Гімназія № 22 г. Мінска», вул. Гамарніка, 8). У 14.00 супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства выступяць з лекцыяй «Дзяржаўнасць беларускай мовы: гісторыя і сучаснасць» перад курсантамі Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Таксама будуць праведзены круглы стол «Славістыка. Этымалогія. Этналінгвістыка» (14.25) і сустрэча акадэмічных навукоўцаў-мовазнаўцаў з беларускімі пісьменнікамі (15.00), падчас якой навукоўцы філіяла «Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа» раскажуць пра вынікі навуковых даследаванняў у галіне беларускага мовазнаўства, арганізуюць выставу выданняў Інстытута.

З 6 па 26 лютага 2024 года Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі праводзіць мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага.

На працягу амаль трох тыдняў праходзіць цэлы шэраг мерапрыемстваў. Гэта — лекцыі, семінары, круглыя сталы, прэзентацыі, майстар-класы, інтэрактыўныя заняткі, сустрэчы і адукацыйна-забаўляльныя мерапрыемствы. Усе яны прысвечаны праблеме захавання, развіцця і папулярызацыі беларускай мовы.