Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

05.04.2024

У Фізіка-тэхнічным інстытуце адбылося адкрыццё новага канструктарскага цэнтра інавацыйных распрацовак

4 красавіка 2024 года ў ДНУ «Фізіка-тэхнічны інстытут НАН Беларусі» адбылося адкрыццё новага канструктарскага цэнтра інавацыйных распрацовак, створанага для ўзмацнення канструктарска-тэхналагічнага патэнцыялу НІЦ «Акадэмтэхнагорад». Новы цэнтр прызначаны для выканання складаных задач па мадэляванні, разліку і праектаванні тэрмічных, ліцейных і дэфармацыйных працэсаў з мэтай наступнай распрацоўкі прататыпаў інавацыйнага абсталявання. У рамках мерапрыемства з удзелам Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Гусакова і кіраўнікоў навуковых арганізацый Аддзялення фізіка-тэхнічных навук былі прадстаўлены магчымасці Акадэмтэхнагорада, цэнтры кампетэнцый ФТІ НАН Беларусі, інавацыйныя тэхналогіі і абсталяванне, якія выкарыстоўваюцца як у інстытуце, так і на прамысловых прадпрыемствах. У гэты ж дзень з удзелам Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Гусакова адбылося выязное пашыранае пасяджэнне Бюро Аддзялення фізіка-тэхнічных навук. Была абмеркавана дзейнасць і ўдзел арганізацый Аддзялення ў працы Акадэмтэхнагорада.

Як адзначыў першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Сяргей Чыжык, сувязь навукі з вытворчасцю надзвычай важная і яна рэалізоўваецца ў рамках НІЦ «Акадэмтэхнагорад». «Ён аб’яднаў цэлы шэраг інстытутаў фізіка-тэхнічнага профілю і прадпрыемстваў. Цэнтр быў створаны, каб задачы прамысловасці вырашаліся комплексна. У гэтыя задачы ўваходзіць падбор матэрыялу, тэхналогій, выраб. Што вельмі важна, сёння мы таксама развіваем праектаванне — заснаваны камп’ютарны цэнтр, які здольны ствараць лічбавыя двайнікі патрэбнага абсталявання з перадачай на распрацоўку і вытворчасць», — адзначыў ён.

У ФТІ НАН Беларусі створаны і функцыянуе навукова-інжынірынгавы цэнтр «Акадэмтэхнагорад», мэтай якога з’яўляецца аб’яднанне кадравых, тэхналагічных і тэхнічных магчымасцей акадэмічных і іншых арганізацый для вырашэння буйных і актуальных інавацыйных задач у галіне матэрыялазнаўства і машынабудавання. НІЦ «Акадэмтэхнагорад» ФТІ НАН Беларусі — гэта структурнае падраздзяленне інстытута, дзейнасць якога накіравана на рашэнне задач прамысловасці, навукова-тэхнічнае суправаджэнне комплексных праектаў, аказанне інжынірынгавых паслуг па абсталяванні і тэхналогіях для прадпрыемстваў; экспертныя, кансультацыйныя і тэхналагічныя паслугі; трансфер тэхналогій у галіне машынабудавання, матэрыялазнаўства, прыборабудавання і іншых.