Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

03.04.2024

Падпісана Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж ЦНБ імя Якуба Коласа і прэзідэнцкай бібліятэкай імя Б. М. Ельцына

3 красавіка 2024 г. у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа адбылося ўрачыстае падпісанне Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Прэзідэнцкай бібліятэкай імя Б. М. Ельцына і Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Якуба Коласа НАН Беларусі, а таксама адкрыццё Цэнтра аддаленага доступу (ЦАД) да рэсурсаў Прэзідэнцкай бібліятэкі. Пагадненне падпісалі генеральны дырэктар Прэзідэнцкай бібліятэкі імя Б. М. Ельцына Юрый Носаў і дырэктар Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі Станіслаў Юрэцкі. Гэта падпісанне праводзілася ў рамках мерапрыемстваў, прысвечаных святкаванню Дня яднання народаў Беларусі і Расіі.

Адкрыццё ЦАД дазволіць карыстальнікам і супрацоўнікам ЦНБ карыстацца ўсімі матэрыяламі фонду Прэзідэнцкай бібліятэкі імя Б. М. Ельцына, які на сённяшні дзень перавышае мільён адзінак захоўвання.

У лічбавым выглядзе прадстаўлены кніжныя і перыядычныя выданні, кінахроніка, фатаграфіі, навукова-асветніцкія фільмы, аўтарэфераты дысертацый, архіўныя дакументы і матэрыялы.

Гасцей азнаёмілі з працай бібліятэкі і правялі экскурсію па Цэнтры даследаванняў старадрукаваных выданняў і рукапісаў.