Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

10.05.2024

Аб’яўлены конкурс на найлепшае прадстаўленне навуковых дасягненняў 2024 года ў СМІ

З мэтай фарміравання цэласнага пазітыўнага вобраза навукі, павышэння яе аўтарытэту, прыцягнення ўвагі шырокіх слаёў грамадскасці да дасягненняў беларускіх навукоўцаў, прадстаўлення актуальнай інфармацыі аб распрацоўках, якія праводзяцца з мэтай сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, стымулявання творчай і прафесійнай актыўнасці як журналістаў, так і непрафесійных папулярызатараў навукі Нацыянальная акадэмія навук Беларусі абвясціла конкурс 2024 года, з уручэннем дыпломаў і грашовых прэмій фізічным асобам.

Конкурс будзе праводзіцца па чатырох намінацыях: найлепшая публікацыя, найлепшы сюжэт (праграма) на радыё і тэлебачанні, найлепшая публікацыя ў навукова-папулярным выданні, найлепшае прадстаўленне дасягненняў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў сетцы Інтэрнэт. Па кожнай з намінацый прысуджаецца тры прэміі. Вылучэнне кандыдатур на конкурс ажыццяўляецца ў парадку і ў тэрміны, устаноўленыя Палажэннем аб конкурсе на найлепшае прадстаўленне навуковых дасягненняў у сродках масавай інфармацыі. Матэрыялы вылучэння прадстаўляюцца да 20 снежня 2024 г. камісіі на папяровым і электронным носьбітах па адрасе: г. Мінск, праспект Незалежнасці, 66, Прэзідыум НАН Беларусі (каб. 411) і па электроннай пошце: press@presidium.bas-net.by. Па падрабязную інфармацыю звяртацца да прэс-сакратара НАН Беларусі Марцалевай Наталлі Аляксандраўны па тэл. 373-14-05.

З Палажэннем аб конкурсе можна азнаёміцца тут.