Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

22.05.2024

Бюро Прэзідыума прыняло рашэнне заснаваць нагрудны знак «За заслугі перад Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі»

Новая ведамасная ўзнагарода з’явілася ў НАН Беларусі. 21 мая 2024 года на пасяджэнні Бюро Прэзідыума НАН Беларусі прынята рашэнне заснаваць нагрудны знак «За заслугі перад Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі». Зацверджана Палажэнне аб новай узнагародзе і яе апісанне.

Нагрудным знакам будуць узнагароджвацца навукоўцы і супрацоўнікі НАН Беларусі, кіраўнікі і работнікі іншых арганізацый краіны, якія ўнеслі асабісты ўклад у развіццё НАН Беларусі, а таксама за плённую дзейнасць па арганізацыі акадэмічнай навукі краіны, умацаванні навукова-тэхнічнага патэнцыялу і павышэнні эфектыўнасці навуковых даследаванняў, інавацыйнай дзейнасці, укараненні вынікаў навуковых даследаванняў у практычную дзейнасць і (або) адукацыйны працэс.

Знакам будуць узнагароджвацца замежныя грамадзяне, якія аказалі істотны ўплыў на ўмацаванне міжнароднага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва, пашырэнне і паглыбленне міжнародных навуковых сувязяў арганізацый НАН Беларусі з замежнымі навуковымі і іншымі арганізацыямі, а таксама маладыя навукоўцы, якія плённа займаюцца навуковымі даследаваннямі і навукова-арганізацыйнай дзейнасцю.