22 мая 2024 г. у НАН Беларусі адбылася прэзентацыя першага тома «Анталогіі нацыянальнай харавой спадчыны Беларусі», падрыхтаванага супрацоўнікамі аддзела музычна-выканальніцкага мастацтва Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры. Анталогія нацыянальнай харавой спадчыны выдаецца ўпершыню. Яе кантэнт будзе спрыяць сістэмнаму запаўненню «белых плям» у гісторыі беларускай музыкі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўнікі НАН Беларусі, аўтарытэтныя навукоўцы, а таксама і прадстаўнікі Беларускага саюза кампазітараў, Беларускага саюза музычных дзеячаў, Выдавецкага дома «Белнавука», устаноў адукацыі і культуры.
У час прэзентацыі музычнай капэлай Цэнтра былі выкананы творы, якія ўвайшлі ў першы том «Анталогіі нацыянальнай харавой спадчыны Беларусі».
Першы том «Анталогіі нацыянальнай харавой спадчыны Беларусі» —вынік распачатай буйной навукова-даследчай работы ў галіне гісторыі беларускай музычнай культуры, мэтай якой з’яўляецца асэнсаванне і прэзентацыя шэдэўраў нацыянальнага харавога здабытку, якія да гэтага часу не атрымалі належнага навуковага асэнсавання і ўвагі грамадскасці. Будзе прадстаўлена першая кніга першага тома Анталогіі, у якой змяшчаюцца навуковыя каментарыі і творы сучасных беларускіх кампазітараў, створаныя ў рэчышчы асэнсавання нацыянальнай музычнай спадчыны. Большасць з партытур — рукапісы, якія публікуюцца ўпершыню. Канцэпцыя выдання прадугледжвае размяшчэнне матэрыялаў у электронным фармаце на спецыяльна распрацаваным сайце.
Канцэпцыя выдання прадугледжвае выкарыстанне спецыяльных лічбавых тэхналогій, неардынарны падыход да распаўсюджвання беларускай харавой музыкі ў сусветнай прасторы культуры на аснове стварэння ўмоў для ўкаранення ў канцэртна-выканальніцкую практыку раней невядомых твораў са скарбніцы беларускай музычнай культуры.
Прэзентацыя першага тома «Анталогіі нацыянальнай харавой спадчыны Беларусі» адбылася ў рамках Тыдня беларускай культуры і мастацтваў, які з 20 па 24 мая 2024 года праводзіць Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.