Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

21.06.2024

Аўтарскі калектыў НАН Беларусі ўдастоены Міждзяржаўнай прэміі «Зоркі Садружнасці» за падрыхтоўку «Руска-беларускага сістэмнага семантычнага слоўніка» ў 2 тамах

Аўтарскі калектыў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі ўдастоены Міждзяржаўнай прэміі «Зоркі Садружнасці» за падрыхтоўку «Руска-беларускага сістэмнага семантычнага слоўніка» ў 2 тамах (Мінск: Беларус. навука, 2023. — Т.1 – 1103 с.; Т. 2 — 1223 с.).

Слоўнік з’яўляецца першай айчыннай спробай складання лексікаграфічных работ супастаўляльнага плана.

Слоўнікавыя склады як рускай, так і беларускай моў выступаюць як гістарычна сфарміраваныя арганізаваныя сістэмы з уласцівымі ім характарыстыкамі. Хоць гэтыя мовы з’яўляюцца блізкароднаснымі, паміж імі назіраюцца пэўныя адрозненні семантычнага плана. Паказаныя ў Слоўніку лексіка-семантычныя суадносіны адзінак рускай і беларускай моў даюць магчымасць непасрэдна адлюстраваць разнастайныя ўзаемасувязі паміж іх лексіконамі, а прадстаўленая з дапамогай такога тыпу слоўніка магчымасць сістэмнага лексіка-семантычнага параўнання рускіх і беларускіх элементаў суадносных лексіка-семантычных палёў дазваляе вызначыць як падобныя структурна-семантычныя рысы дзвюх лексіка-семантычных сістэм (абумоўленыя генетычнай агульнасцю моў, агульнымі тэндэнцыямі іх развіцця і падабенствам нацыянальных моўных карцін свету), так і ступень іх структурна-семантычнага адрознення на канкрэтных сістэмных участках (што выяўляецца ў нацыянальнай спецыфіцы, характэрнай для лексіка-семантычнага ўзроўню кожнай з дзвюх лексіка-семантычных сістэм).

Актуальнасць стварэння Слоўніка вызначаецца тым, што пры яго падрыхтоўцы вывучэнне тэарэтычнага і фактычнага матэрыялу праводзілася ў адпаведнасці з асноўнымі тэндэнцыямі развіцця сучаснага мовазнаўства, у прыватнасці, з тэндэнцыяй да спалучэння метадаў лексікаграфіі, даследавання лексіка-семантычнага ўзроўню мовы і міжмоўнага супастаўлення. Актуальнасць гэтай работы абумоўлена таксама значнасцю для сучаснай лінгвістыкі фундаментальнай тэарэтычнай праблемы ўстанаўлення сістэмнасці арганізацыі лексікі і звязанага з гэтым паглыбленага аналізу лексічнай семантыкі, у рэчышчы чаго ляжыць гэта даследаванне, і найважнейшых пытанняў супастаўлення блізкароднасных моў, сутнасцю якога з’яўляецца выяўленне іх падабенстваў і адрозненняў на лексіка-семантычным узроўні.

Матэрыял Слоўніка можа спрыяць вырашэнню задач па ўдасканаленні традыцыйных перакладных слоўнікаў і складанні новых сучасных перакладных слоўнікаў, а таксама садзейнічаць распрацоўцы тэарэтычнай і факталагічнай базы ідэаграфічных, сінанімічных і іншых слоўнікаў. Слоўнік будзе спрыяць вызначэнню больш эфектыўных спосабаў лексікаграфічнай прэзентацыі сістэмнага моўнага матэрыялу, ён з’явіцца перадумовай для з’яўлення слоўнікаў супастаўляльнага тыпу. Матэрыял Слоўніка можа быць выкарыстаны для пашырэння сферы ўжывання беларускай мовы ў розных паняційных сферах, будзе садзейнічаць забеспячэнню патрэб моўнай практыкі ва ўмовах двухмоўя, акажацца карысным у практыцы міжмоўнага перакладу і ў галіне міжкультурных зносін у цэлым.

Як паведамлялася, Савет па прысуджэнні міждзяржаўнай прэміі «Зоркі Садружнасці» абвясціў лаўрэатаў галоўнай гуманітарнай прэміі СНД за 2023 год. У намінацыі «За выдатны ўклад і дасягненні ў галіне навукі і адукацыі» лаўрэатам стаў аўтарскі калектыў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі: Аксана Ванкевіч — старшы навуковы супрацоўнік; Ірына Кандраценя — вядучы навуковы супрацоўнік і Вольга Нікалаева — вядучы навуковы супрацоўнік.
Урачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў адбудзецца ва Уфе 17–19 верасня ў рамках Форуму творчай і навуковай інтэлігенцыі СНД.

Тэгi
#прэміі