Дзяржаўнае прадпрыемства «Конус» НАН Беларусі ўдастоена звання дыпламанта конкурсу прэміі СНД 2023 года за дасягненні ў галіне якасці прадукцыі і паслуг. Дыплом прадстаўнікам прадпрыемства быў уручаны у час цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў конкурсу ў рамках 65-га пасяджэння Міждзяржаўнага савета па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі (МДС) краін СНД, якое адбылося 20–21 чэрвеня 2024 года ў Мінску.
Сярод лаўрэатаў і дыпламантаў конкурсу былі прадстаўлены найлепшыя арганізацыі з шасці краін Садружнасці: Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызскай Рэспублікі, Расійскай Федэрацыі, Таджыкістана. З 22 лаўрэатаў і дыпламантаў конкурсу дзевяць — беларускія прадпрыемствы. Звання лаўрэата былі ўдастоены пяць арганізацый: холдынг «Мінскі маторны завод», МТЗ, унітарнае прадпрыемства «Святлопрыбор» ГА «БелТІЗ», Кобрынскі масларобна-сыраробны завод, «Бабушкіна крынка» — кіруючая кампанія холдынгу «Магілёўская малочная кампанія “Бабушкіна крынка”». Званне дыпламанта прысуджана дзяржаўнаму прадпрыемству «Конус» РУП «НПЦ НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі», ААТ «Кераміка», заводу аўтамабільных прычэпаў і кузаваў «МАЗ-Купава», Слонімскаму мясакамбінату. У рамках арганізаванай выставы прадукцыі і паслуг беларускіх прадпрыемстваў — пераможцаў конкурсу, дырэктар ДП «Конус» Андрэй Жамойда на сустрэчы з намеснікам Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Пятром Пархомчыкам, першым намеснік Генеральнага сакратара СНД Леанідам Анфімавым і генеральным дырэктарам ААТ «МТЗ» Віталём Воўкам абмеркаваў перспектывы і магчымасці развіцця і павелічэння магутнасцей прадпрыемства «Конус» з мэтай поўнага задавальнення патрэб прадпрыемстваў рэспублікі ў паслугах гарачага і тэрмадыфузійнага цынкавання.
Прэмія СНД за дасягненні ў галіне якасці прадукцыі і паслуг нацэлена на стымуляванне вытворчасці высакаякаснай і канкурэнтаздольнай прадукцыі, павышэнне экспартных магчымасцей таваравытворцаў, павышэнне рэпутацыі СНД як тэрыторыі, дзе вырабляецца якасная прадукцыя. Прэмія прысуджаецца адзін раз на два гады на конкурснай аснове за дасягненне значных вынікаў у галіне якасці прадукцыі, забеспячэнне яе бяспекі, а таксама ўкараненне сучасных метадаў кіравання якасцю.