25–26 чэрвеня 2024 г. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі сумесна з Міністэрствам абароны, Міністэрствам адукацыі, грамадскімі аб’яднаннямі краіны правяла Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю «Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны: гісторыя і сучаснасць (да 80-годдзя вызвалення Беларусі)». У працы форуму прынялі ўдзел больш за 400 чалавек — прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў Рэспублікі Беларусь, Генеральнай пракуратуры, навукоўцы, архівісты, настаўнікі, студэнты, краязнаўцы, работнікі музеяў і бібліятэк з Мінска, Брэста, Гродна, Гомеля, Віцебска, Магілёва і іншых гарадоў Беларусі, а таксама гісторыкі Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Таджыкістан і Рэспублікі Узбекістан.
На форуме ад імя Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь выступіла начальнік Галоўнага ўпраўлення інфармацыйнай палітыкі і грамадскага развіцця Адміністрацыі Прэзідэнта Таццяна Шэндзік. Яна адзначыла патрыятычны ўздым, які сёння перажывае беларускае грамадства. Галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі Васіль Гурскі прачытаў даклад Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Гусакова. У выступе, у прыватнасці, было падкрэслена, што неацэнную дапамогу ў летнім наступе франтам Чырвонай арміі аказалі партызаны і падпольшчыкі. Да гэтага часу на тэрыторыі Беларусі дзейнічала каля 270 тысяч партызанскіх аб’яднанняў, 144 брыгады і 49 асобных атрадаў. Пры ўдзеле партызан у 1944 годзе вызвалены Мінск, два абласныя і больш за 40 райцэнтраў рэспублікі.
Дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза паведаміў прадстаўнікам сродкаў масавай інфармацыі: «Сёлета мы святкуем 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у наступным годзе — 80-годдзе Вялікай Перамогі. Таму канферэнцыя вялікая, маштабная, міжнародная. Мы комплексна падыходзім да вывучэння ўсіх пытанняў, звязаных з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны. Асаблівая ўвага на форуме нададзена аперацыі “Баграціён” — адной з найбуйнейшых у Другой сусветнай вайне. Яна працягвалася кароткі перыяд, але мела велізарны размах, велізарная колькасць людзей было задзейнічана. Гэта прыклад гераізму».
Усяго на канферэнцыі прагучала больш за 100 дакладаў і прэзентацый удзельнікаў у рамках пленарнага пасяджэння і работы секцый: «Вялікая Айчынная вайна ў навуковым, культурным і мемарыяльным вымярэнні», «Падзеі Вялікай Айчыннай вайны і пасляваеннай эпохі. Гісторыя на старонках школьных падручнікаў», «Нацысцкі акупацыйны рэжым і партызанскі рух на тэрыторыі Беларусі (1941—1944 гг.)». Інстытутам гісторыі НАН Беларусі, Міністэрствам абароны, Нацыянальным архівам і Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Якуба Коласа былі падрыхтаваны тэматычныя выставы, дзе ўдзельнікі маглі азнаёміцца з артэфактамі перыяду Вялікай Айчыннай вайны, новымі навуковымі і навукова-папулярнымі публікацыямі, якія раскрываюць малавядомыя старонкі Вялікай Айчыннай вайны.