1 ліпеня 2024 года ў 14:00 на базе Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры (г. Мінск, вул. Сурганава 1, корпус 2, Аддзел старажытнабеларускай культуры, Галерэя «2 паверх») напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё выставы «Святло памяці».
Гэта — сумесны праект Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў (Санкт-Пецярбург, Расія) і манастыра Нараджэння святога Іаана Хрысціцеля (п. Ясенавац, Сербія).
На выставе будуць прадстаўлены прынт-копіі жывапісных работ манашкі Марыі, насельніцы манастыра Нараджэння святога Іаана Хрысціцеля, выкананыя ў наіўна-іканапісным стылі і прысвечаныя тэме генацыду сербаў у сістэме канцэнтрацыйных лагераў — Ясенавац, маляўнічыя палотны піцерскіх мастакоў, а таксама старажытнабеларуская драўляная скульптура з калекцый аддзела старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Усе працы напоўнены духоўным складнікам і хрысціянскімі сімваламі, што нагадвае нам пра тое, што Перамога — гэта адраджэнне духу, умацаванне веры, вяртанне да маральных каштоўнасцей, якія заўсёды былі асновай славянскай культуры. Гэтая выстава заклікана захаваць і перадаць каштоўныя ўрокі і традыцыі, звязаныя з ваеннай і духоўнай гісторыяй народаў славянскага свету.