31 ліпеня 2024 года ў Нацыянальным Прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь адбылася прэс-канферэнцыя на тэму «Новыя аграпрамысловыя тэхналогіі: уклад беларускіх навукоўцаў у развіццё сельскай гаспадаркі». У мерапрыемстве прынялі ўдзел: Бакач Мікалай Георгіевіч — намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце РУП «НПЦ НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі», Чайкоўскі Андрэй Іванавіч — намеснік генеральнага дырэктара РУП «НПЦ НАН Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве», Васеха Віталь Валер’евіч — намеснік дырэктара па інавацыйнай рабоце РУП «Інстытут пладаводства» НАН Беларусі, Урбан Эрома Пятровіч — першы намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце «НПЦ НАН Беларусі па земляробстве», Будзевіч Аляксандр Іванавіч — намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце РУП «НПЦ НАН Беларусі па жывёлагадоўлі», Камарова Наталля Віктараўна — намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце і стандартызацыі РУП «НПЦ НАН Беларусі па харчаванні».
Прадстаўнікі навукова-практычных цэнтраў Аддзялення аграрных навук НАН расказалі пра апошнія распрацоўкі вучоных у галіне аграпрамысловых тэхналогій.
Першы намеснік генеральнага дырэктара НПЦ НАН Беларусі па земляробстве Эрома Урбан расказаў пра стварэнне новых сартоў сельскагаспадарчых культур, якія вырошчваюцца ў нашай краіне: «Як паказваюць вынікі дзяржаўнага сортавыпрабавання, у асобных сартоў збожжавых прадукцыйнасць да 120 цэнтнераў з гектара. Рапс, зернебабовыя могуць даць 50–60 цэнтнераў з гектара, у апошнія гады ў нас створана серыя новых сартоў па ўсіх сельгаскультурах. Адначасова распрацоўваем тэхналагічныя рэгламенты іх вырошчвання, каб рэалізаваць ва ўмовах вытворчасці іх генетычны патэнцыял».
Пра новыя сарты бульбы, якія вырабляюцца ў Беларусі, расказаў намеснік генеральнага дырэктара НПЦ НАН Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве Андрэй Чайкоўскі. Сярод навінак — раннія сарты «Першацвет» і «Юлія», якія вылучаюцца фарміраваннем таварнага ўраджаю ў раннія тэрміны ўборкі. Клубні сорту «Першацвет» добра захоўваюцца ў зімовы перыяд. Сорт «Юлія» прыдатны для прамысловай перапрацоўкі на чыпсы і да вакуумавання.
Як у Беларусі імпартазамяшчаюць тэхніку для апрацоўкі глебы, расказаў намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце НПЦ НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі Мікалай Бакач. «Апрацоўка глебы для сяўбы — адзін з самых адказных працэсаў. На гэтыя аперацыі ідзе да 30–40 % энергетычных і да 25 % працоўных выдаткаў. Для ўзворвання глеб у Беларусі сёння асвоена пакаленне новых карпусных плугоў, якія па асноўных эксплуатацыйных і энергетычных паказчыках не саступаюць замежным аналагам і найбольш эфектыўныя на вялікіх плошчах», — адзначыў Мікалай Бакач.
У Інстытуце пладаводства НАН Беларусі сабрана адна з самых буйных ва Усходняй Еўропе калекцый пладовых, ягадных, арэхаплодных культур і вінаграду. На сённяшні дзень яна складае больш за 5,5 тысячы ўзораў. За перыяд дзейнасці Інстытута тут было створана 249 сартоў, 150 з якіх па-ранейшаму знаходзяцца ў рэестры і з’яўляюцца актуальнымі як для вытворчасці, так і для садаводаў-аматараў. На гэтым зрабіў акцэнт намеснік дырэктара па інавацыйнай рабоце Інстытута пладаводства Віталь Васеха ў час прэс-канферэнцыі.
Намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце НПЦ НАН Беларусі па жывёлагадоўлі Аляксандр Будзевіч падзяліўся найбольш важкімі распрацоўкамі і перспектыўнымі праектамі ў сферы жывёлагадоўлі: «Распрацаваны доследныя саставы заменнікаў суцэльнага малака для цялят малочнага перыяду вырошчвання і схемы выпойвання. Гэта спрыяе найбольш эфектыўнай прадукцыйнасці вырошчвання племяннога пагалоўя, забяспечвае высокія сярэднясутачныя прыросты, робіць станоўчы ўплыў на паядальнасць кармоў і абменныя працэсы ў арганізме цялят. Апрабаваны распрацаваныя нормы патрэбы для кароў галштынскай пароды айчыннай селекцыі ў расшчапляльным і нерасшчапляльным пратэіне ў розных стадыях фізіялагічнага цыклу, у мінеральных рэчывах і вітаміне D, мікра- і макраэлементаў. Выкарыстанне гэтых нормаў спрыяе атрыманню здаровых цялят, павелічэнню сярэднясутачных удояў і ўстойлівасці лактацыйнай крывой па часе».
Пра апошнія навінкі і напрамкі даследаванняў у галіне прадуктаў харчавання расказала намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце і стандартызацыі НПЦ НАН Беларусі па харчаванні Наталля Камарова. У гэты момант спецыялісты Цэнтра працуюць над стварэннем прадукцыі з гарантаванай колькасцю пекцінавых рэчываў і камплексаўтваральнай здольнасцю па свінцы не менш як 70 працэнтаў. Такія прадукты будуць здольныя чысціць арганізм, выводзіць таксіны і цяжкія металы з арганізма, зніжаць алергічнае ўздзеянне, звязанае з экалагічнай сітуацыяй. Гэтая распрацоўка будзе актуальная для асоб са шкоднымі ўмовамі працы. Таксама сярод цікавых распрацовак — стварэнне новай спецыялізаванай кансерваванай прадукцыі для касманаўтаў.
На заканчэнне навукоўцы адказалі на шматлікія пытанні журналістаў.