7 верасня 2024 у Мінску адбудзецца галоўная навукова-папулярная падзея краіны — Фестываль навукі. Шосты раз на пляцоўцы Цэнтральнага батанічнага саду НАН Беларусі будуць арганізаваны тэматычныя пляцоўкі, лекцыі ад вядомых навукоўцаў, выставы дасягненняў з розных сфер навукі, інтэрактыўныя навуковыя эксперыменты і майстар-класы для наведвальнікаў усіх узростаў і інтарэсаў.
Арганізатар мерапрыемства Фестываль навукі – 2024 — Нацыянальная акадэмія навук Беларусі.
Галоўнымі пляцоўкамі мерапрыемства сёлета стануць: «Космас», «Медыцына», «Інтэлектуальныя тэхналогіі», «Экалогія», «Смак навукі» і «Лабараторыя».
У рамках Фестывалю навукі пройдзе выстава-конкурс «100 інавацый маладых навукоўцаў», на якой будуць прадэманстраваны актуальныя распрацоўкі маладых навукоўцаў у шасці кірунках. У ходзе мерапрыемства камісія вызначыць і ўзнагародзіць самыя перспектыўныя праекты. Упершыню выстава-конкурс «100 інавацый маладых навукоўцаў» паспяхова стартавала ў 2022 годзе.
Больш падрабязна пра пляцоўкі мерапрыемства.
Пляцоўка «Космас» зацікавіць аматараў космасу сваёй лекцыйнай праграмай: серыя лекцый пра касмічныя аб’екты, іх даследаванне, тэлескопы і спадарожнікі. Таксама тут кожны зможа адкрыць у сабе інжынера і сабраць свой уласны касмічны спадарожнік.
На пляцоўцы «Медыцына» пагаворым пра стаматалогію, анкалогію, хваробы крыві, стварэнне вакцын і лекаў. Ганаровым госцем лекцыйнай пляцоўкі стане вядомы навуковы журналіст і медыцынскі блогер Аляксей Вадавозаў, які раскажа пра магчымасці падаўжэння жыцця і даўгалецця.
У рамках пляцоўкі «Інтэлектуальныя тэхналогіі» наведвальнікі даведаюцца пра перадавыя тэхнічныя і рабатызаваныя распрацоўкі ў Беларусі і свеце. Школы робататэхнікі і ўніверсітэты тэхнічнага профілю раскажуць пра свае адукацыйныя праграмы. Таксама на гэтай пляцоўцы можна даведацца пра будучыню альтэрнатыўнай энергетыкі і электратранспарту.
Пляцоўка «Экалогія» дасць магчымасць лепш разабрацца ў пытаннях сартавання смецця і перапрацоўкі адходаў, ачысткі вады і паветра, пытаннях ультрафіялетавага выпрамянення. Больш даведаемся пра прыроду Беларусі і такіх далёкіх тэрыторый, як Арктыка і Антарктыка.
Сёлета ўдзельнікі Фестывалю пацешаць наведвальнікаў займальнымі эксперыментамі, навуковымі шоу і відовішчнымі доследамі — усё гэта ў праграме пляцоўкі «Лабараторыя».
Даведацца, які шлях праходзяць прадукты харчавання перад з’яўленнем на прылаўках, і прадэгуставаць новыя ядомыя распрацоўкі можна будзе на пляцоўцы «Смак навукі».
На пляцоўцы ATOM TEAM арганізаванай ІЦАЭ г. Мінска пры падтрымцы інжынірынгавага дывізіёна ДК «Расатам» можна будзе даведацца пра прарыўныя даследаванні і распрацоўкі ў галіне выкарыстання энергіі мірнага атама. На заканчэнне дня вядомы астраном, папулярызатар навукі Уладзімір Сурдзін, раскажа пра тое, як развіццё атамных тэхналогій дапаможа чалавецтву ў засваенні космасу.
У мерапрыемстве прымуць удзел прадстаўнікі з Расійскай Федэрацыі. Гэта — навукова-пазнавальны цэнтр «Запаведнае пасольства» парку «Зараддзе» з самастойнай пляцоўкай, а таксама больш за 20 удзельнікаў у рамках пляцоўкі Усерасійскага фестывалю Навука 0+ з дзесяццю тэматычнымі блокамі і навукова-папулярным лекторыем. Пляцоўка Усерасійскага фестывалю Навука 0+ раскажа пра прыгоды ката Шродзінгера, які трапіў на іншую планету і выкарыстоўвае свае веды, каб выбрацца. На заканчэнне праграмы на пляцоўцы пройдзе вялікае навуковае шоу.
Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь пазнаёміць наведвальнікаў з дасягненнямі ўніверсітэцкай навукі і новымі спецыяльнасцямі на пляцоўцы «Універсітэт будучыні», дзе будзе сабрана больш за 20 вядучых навучальных устаноў краіны.
Кожны год арганізатары мерапрыемства збіраюць унікальную і рознабаковую праграму, якая не паўтараецца. Сёлета на Фестывалі навукі будзе арганізавана новая пляцоўка, прысвечаная культуры і традыцыям беларусаў. Пляцоўка «Этнаграфія» раскажа пра нацыянальную кухню, традыцыйныя касцюмы і промыслы беларусаў, а таксама пра вясельныя і пахавальныя абрады нашых продкаў. Гасцей Фестывалю чакаюць займальныя майстар-класы па вырабе саламяных павукоў, набіванак і маляванак, выцінанак, а таксама па традыцыйным ручным ткацтве.
Фестываль навукі – 2024 чакае наведвальнікаў з 11:00 да 19:00.
Падрабязная праграма і квіткі на сайце Фестывалю навукі: www.scifest.by