Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

16.09.2024

Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Гусакоў Уладзімір Рыгоравіч павіншаваў калектыў НАН Беларусі з Днём народнага адзінства.

Паважаныя калегі! Дарагія сябры!
Ад імя Прэзідыума НАН Беларусі і ад сябе асабіста ад усёй душы віншую вас з Днём народнага адзінства!

Дата 17 верасня 1939 года з’яўляецца сімвалам аднаўлення гістарычнай справядлівасці ў дачыненні да беларускага народа, які быў падзелены супраць яго волі ў 1921-м па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора.

Сёлета мы адзначаем 85-годдзе сапраўдных гістарычных падзей, што надае ім асаблівую актуальнасць і выклікае павышаную цікавасць з боку навуковых колаў і грамадскасці. Нездарма ў гэтыя дні па ўсёй краіне праходзяць шматлікія канферэнцыі, круглыя сталы, сустрэчы, прымеркаваныя да гэтай даты.

Рыжскі мірны дагавор не адпавядаў нацыянальна-дзяржаўным інтарэсам беларускага народа. Беларуская нацыя і яе этнічная тэрыторыя аказаліся падзеленымі на дзве часткі. На доўгія 20 гадоў звыш чатырох мільёнаў чалавек, якія пражывалі на акупаванай Польшчай тэрыторыі, былі пазбаўлены права гаварыць на роднай мове, вучыцца ў нацыянальных школах, развіваць сваю самабытную культуру. Беларусы на анексаваных землях складалі большасць насельніцтва — звыш 75 адсоткаў. Заходняя Беларусь ператварылася ў адсталы аграрна-сыравінны рэгіён польскай дзяржавы. Гэта адмоўна адбівалася на становішчы насельніцтва, што асабліва выявілася ў гады сусветнага эканамічнага крызісу 1929—1933 гадоў. На надуманых падставах закрываліся беларускія школы, выдавецтвы, бібліятэкі, хаты-чытальні. Калі ў пачатку 1920-х у Заходняй Беларусі функцыянавалі дзве беларускія настаўніцкія семінарыі — у Барунах і Свіслачы, восем беларускіх гімназій і каля 400 пачатковых беларускіх школ, то ў 1938/1939 навучальным годзе не засталося ніводнай беларускай школы. Нездарма вызваленчы паход у Заходнюю Беларусь у 1939 годзе большасць беларусаў успрымалі як акт гістарычнай справядлівасці, сустракалі Чырвоную армію як збавіцельку ад нацыянальнага прыгнёту — кветкамі і хлебам-соллю.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі ад 7 чэрвеня 2021 г. заснаваны Дзень народнага адзінства, які вырашана адзначаць 17 верасня. Гэтая дата з’яўляецца сапраўдным народным сімвалам, аднаўленнем гістарычнай справядлівасці ў дачыненні да беларускага народа.

Дзень народнага адзінства закліканы аб’яднаць усе пакаленні беларусаў. Для кожнага з нас ён з’яўляецца асаблівым днём — днём усведамлення асабістай датычнасці да ўмацавання адзінства беларускага народа. Толькі аб’яднаўшы намаганні і праявіўшы згуртаванасць, мы зберажом мір і дабрабыт на нашай зямлі.

Пад знакам адзінства мы зможам дасягнуць новых вышынь у развіцці роднай Беларусі!

У гэты знамянальны дзень прыміце пажаданні добрага здароўя, доўгіх і шчаслівых гадоў жыцця, невычэрпнай энергіі і аптымізму, бадзёрага настрою і яркіх падзей, нязменна мірнага неба над галавой і поспехаў!
Са святам, дарагія сябры, усяго Вам самага найлепшага!

Уладзімір Гусакоў,
Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі