18–20 верасня 2024 года ў Маскве на базе Расійскай акадэміі навук адбылося 37-е пасяджэнне Савета Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук (МААН). У ім прынялі ўдзел прэзідэнты і прадстаўнікі кіраўніцтва Нацыянальных акадэмій навук Расіі, Беларусі, Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Кітая, Кубы, Кыргызстана, Узбекістана, Чарнагорыі, Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. Ламаносава, НДЦ «Курчатаўскі інстытут» (Расія), Універсітэта паслядыпломнай адукацыі В’етнамскай акадэміі навук і тэхналогій, Аб’яднанага інстытута ядзерных даследаванняў (Расія), Інстытута касмічных даследаванняў РАН і іншых вядучых сусветных навуковых цэнтраў.
19 верасня 2024 года адбылося ўрачыстае адкрыццё 37-га пасяджэння Савета МААН. Кіраўнік МААН, Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Уладзімір Гусакоў выступіў з дакладам «Развіццё МААН як форма міжакадэмічнага супрацоўніцтва ў сучасным свеце». Як адзначыў у сваім дакладзе Уладзімір Гусакоў, з першых гадоў функцыянавання МААН асноўнымі напрамкамі дзейнасці стала садзейнічанне намаганням арганізацый — членаў МААН, дзяржаўным і міждзяржаўным органам у вырашэнні пытанняў захавання і развіцця нацыянальных навукова-тэхналагічных прастор, садзейнічанне больш цеснаму ўзаемадзеянню нацыянальных акадэмій навук і вышэйшай школы. Гаворачы пра задачы, якія стаяць перад МААН, Уладзімір Гусакоў адзначыў: «Навука мае глабальны характар, разам з тым усё часцей у рамках канкурэнтнай барацьбы ў свеце ўводзяцца тыя ці іншыя абмежаванні. МААН, якая аб’ядноўвае найбуйнейшыя навуковыя цэнтры, не можа застацца ўбаку ад гэтых працэсаў. У гэтым заключаецца асноўная ідэя МААН — мы павінны быць разам, каб аб’яднанымі намаганнямі, падтрымліваючы адно аднаго, падняцца на новы ўзровень».
Савет Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук (МААН) на сваім 37-м пасяджэнні выбраў 22 новыя акадэмікі МААН. Сярод новых акадэмікаў — першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Сяргей Чыжык, прэзідэнт Расійскай акадэміі адукацыі Вольга Васільева, старшыня савета Расійскага цэнтра навуковай інфармацыі Уладзімір Квардакоў, віцэ-прэзідэнт НДЦ «Курчатаўскі інстытут» Алег Нарайкін.
Савет МААН прыняў выніковы дакумент «Новая канцэпцыя кааперацыі і развіцця Міжнароднай Асацыяцыі акадэмій навук».
20 верасня 2024 года прайшлі пасяджэнні вучоных саветаў Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук. З аглядным дакладам па працы вучоных саветаў МААН выступіў намеснік кіраўніка МААН акадэмік МААН Пётр Віцязь. Ён выказаў падзяку Акадэміі навук правінцыі Шандунь (КНР) за тое, што другі з’езд вучоных саветаў пройдзе ў наступным годзе на іх тэрыторыі.
У рамках правядзення 37-га пасяджэння Савета Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук 18 верасня 2024 года адбылося пасяджэнне Савета маладых вучоных МААН. Старшыня Савета маладых вучоных НАН Беларусі Станіслаў Юрэцкі прадставіў вынікі працы СМВ НАН Беларусі. Пра планы і перспектывы работы СМВ МААН на 2025 год і далейшую перспектыву далажыла вучоны сакратар СМВ МААН, вучоны сакратар СМВ НАН Беларусі, Ганна Карпенка. Новым старшынёй Савета маладых вучоных МААН абраны выконваючы абавязкі кіраўніка Курчатаўскага комплексу сінхратронна-нейтронных даследаванняў НДЦ «Курчатаўскі інстытут» Мікіта Марчанкаў. Яго папярэднікам на гэтай пасадзе быў міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэй Іванец, у якога скончыўся тэрмін паўнамоцтваў. Колькасць сустаршыняў СМВ МААН павялічана з двух да трох. Паколькі Марчанкаў быў сустаршынёй, абраны два новыя: старшыня Савета маладых вучоных НАН Беларусі Станіслаў Юрэцкі і старшыня аб’яднання маладых вучоных і спецыялістаў Аб’яднанага інстытута ядзерных даследаванняў (АІЯД) Уладзіслаў Ражкоў. Застаецца сустаршынёй эксперт НАН Арменіі Геворг Варданян.
Наступнае пасяджэнне вырашана правесці ў 2025 годзе ў Мінску.
Даведачна: *Міжнародная асацыяцыя акадэмій навук (МААН) аб’ядноўвае 27 арганізацый (Акадэміі навук краін СНД і іншых краін, універсітэты, буйныя навуковыя цэнтры ад краін Карыбскага басейна да Азіі). З 2017 года функцыі базавай акадэміі навук у арганізацыйным і метадычным суправаджэнні МААН выконвае Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, а кіраўніком МААН з’яўляецца Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Гусакоў У. Р., вышэйшы кіруючы орган МААН — Савет МААН.