Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

24.09.2024

Пагадненне аб супрацоўніцтве падпісалі НАН Беларусі і В’етнамская акадэмія навук і тэхналогій

23 верасня 2024 года ў НАН Беларусі адбылося падпісанне Пагаднення аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і В’етнамскай акадэміяй навук і тэхналогій (ВАНТ). Дакумент падпісалі Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў і прэзідэнт В’етнамскай акадэміі навук і тэхналогій Цьяу Ван Мінь. Ва ўрачыстай цырымоніі прыняў удзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам у Рэспубліцы Беларусь Нгуен Ван Нгы.

Пагадненне аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве паміж НАН Беларусі і ВАНТ накіравана на ўзмацненне навукова-тэхнічных патэнцыялаў Беларусі і В’етнама, развіццё і пашырэнне адносін паміж навуковымі ўстановамі дзвюх краін, садзейнічанне навукова-тэхнічнаму супрацоўніцтву ў практычнай рэалізацыі сумесных навуковых распрацовак у галінах, якія ўяўляюць узаемную цікавасць. Асноўнымі задачамі супрацоўніцтва вучоных дзвюх краін з’яўляюцца стварэнне спрыяльных умоў для арганізацыі сумесных даследаванняў і распрацовак у рамках узгодненых праграм, камерцыялізацыі вынікаў сумеснай дзейнасці ў Сацыялістычнай Рэспубліцы В’етнам, Рэспубліцы Беларусь і трэціх краінах, абмену ідэямі, інфармацыяй і тэхналогіямі, сумеснага выкарыстання навуковай інфраструктуры абедзвюх краін.

Як адзначыў у ходзе сустрэчы Уладзімір Гусакоў, НАН Беларусі і В’етнамскую акадэмію навук і тэхналогій звязваюць даўнія сяброўскія і навуковыя сувязі, устойлівы характар партнёрства. Прэзідэнт В’етнамскай акадэміі навук і тэхналогій Цьяу Ван Мінь з’яўляецца замежным членам НАН Беларусі. «Але сёння мы павінны больш інтэграваць нашы інстытуты, навуковыя арганізацыі на актывізацыю супрацоўніцтва па найбольш прыярытэтных напрамках развіцця навукі. Гэта: штучны інтэлект, біятэхналогіі, электратранспарт, новыя матэрыялы, медыцынскія і касмічныя тэхналогіі, падрыхтоўка навуковых кадраў і інш.», — падкрэсліў Уладзімір Гусакоў. Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі прапанаваў в’етнамскім партнёрам у найбліжэйшы час распрацаваць абноўленую Дарожную карту супрацоўніцтва да 2030 года, уключыўшы туды новыя напрамкі і праекты, якія будуць прадстаўляць цікавасць для Беларусі і В’етнама.

У сваю чаргу, прэзідэнт В’етнамскай акадэміі навук і тэхналогій Цьяу Ван Мінь адзначыў, што в’етнамскі бок падтрымлівае прапанову аб распрацоўцы абноўленай Дарожнай карты супрацоўніцтва да 2030 года і падкрэсліў, што новае пагадненне аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве паміж НАН Беларусі і ВАНТ адкрывае новыя магчымасці ўзаемавыгаднага ўзаемадзеяння вучоных В’етнама і Беларусі і будзе садзейнічаць пашырэнню сувязей вучоных дзвюх краін.

Было падпісана Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Беларускім рэспубліканскім фондам фундаментальных даследаванняў і В’етнамскай акадэміяй навук і тэхналогій. Дакумент падпісалі прэзідэнт В’етнамскай акадэміі навук і тэхналогій Цьяу Ван Мінь і старшыня Вучонага савета БРФФД акадэмік Аляксей Дайнека.

Адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання членаў дэлегацыі ВАНТ за развіццё плённага міжнароднага супрацоўніцтва вучоных НАН Беларусі і ВАНТ. Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў уручыў нагрудны знак «Вялікі медаль НАН Беларусі» Прэзідэнту В’етнамскай акадэміі навук і тэхналогій Цьяу Ван Міню. Члены дэлегацыі былі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі НАН Беларусі і спецыяльным знакам «Дзень НАН Беларусі». Вялікай групе навукоўцаў НАН Беларусі былі ўручаны ўзнагароды В’етнамскай акадэміі навук і тэхналогій.

23 верасня 2024 года адбыліся перамовы кіраўніцтва НАН Беларусі з дэлегацыяй В’етнамскай акадэміі навук і тэхналогій на чале з Прэзідэнтам Цьяу Ван Мінем. Былі абмеркаваны перспектыўныя напрамкі і механізмы пашырэння супрацоўніцтва паміж НАН Беларусі і ВАНТ, а таксама ход рэалізацыі Дарожнай карты па развіцці супрацоўніцтва арганізацый НАН Беларусі і ВАНТ на 2023–2025 гг. і конкурсу сумесных праектаў паміж НАН Беларусі і ВАНТ. Госці падрабязна азнаёміліся з апошнімі распрацоўкамі навукоўцаў, якія прадстаўлены на пастаянна дзеючай выставе «Дасягненні айчыннай навукі — вытворчасці». У ходзе візіту члены дэлегацыі ВАНТ наведалі шэраг навуковых арганізацый НАН Беларусі.