Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

30.09.2024

У НАН Беларусі ўзнагародзілі пераможцаў і ўдзельнікаў выставы-конкурсу «100 інавацый маладых вучоных»

30 верасня 2024 года ў Вялікай канферэнц-зале НАН Беларусі адбылася цырымонія ўзнагароджання ўдзельнікаў выставы-конкурсу «100 інавацый маладых вучоных». Пераможцы атрымалі ўзнагароды і памятныя прызы з рук Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Гусакова. Пераможцамі сталі 26 маладых даследчыкаў. Дыпломы і памятныя прызы былі ўручаны не толькі пераможцам, але і ўдзельнікам выставы.

З прывітальным словам да прысутных звярнуўся Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў. «Калі мы разглядалі праекты, то пераканаліся, што ўсе маладыя распрацоўшчыкі заслугоўваюць падзякі і заахвочвання. На выставе-конкурсе былі прадстаўлены добрыя, знакавыя, эфектыўныя распрацоўкі. Сёння мы ўзнагароджваем найлепшых», — адзначыў Уладзімір Гусакоў. Ён падкрэсліў, што моладзь — прыярытэт у Акадэміі навук, і ў краіне робіцца ўсё магчымае для падтрымкі маладых вучоных. «За год у НАН прыходзіць немалая колькасць маладых вучоных, і мы стараемся ўсяляк падтрымаць моладзь, інтэграваць у нашу сістэму. А далей усё залежыць ад іх. Трэба працаваць актыўна, напружана і прадуктыўна», — дадаў Уладзімір Гусакоў.

Старшыня СМВ НАН Беларусі Станіслаў Юрэцкі расказаў пра дзейнасць Савета і тую падтрымку маладых вучоных, якая вядзецца ў Акадэміі навук.

Выстава-конкурс «100 інавацый маладых вучоных» праводзіцца з 2022 года для акумулявання і папулярызацыі навуковых дасягненняў маладых вучоных па рэалізацыі прыярытэтных напрамкаў навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці. 7 верасня 2024 года ў Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі ў рамках Фестывалю навукі на выставе-конкурсе «100 інавацый маладых вучоных» было прадстаўлена 145 праектаў ад маладых вучоных навуковых арганізацый Акадэміі навук, Міністэрства аховы здароўя і ўстаноў вышэйшай адукацыі краіны. Журы конкурсу адзначана навізна навуковых распрацовак і магчымасць іх укаранення ў рэальны сектар эканомікі. Удзельнікі выставы-конкурсу «100 інавацый маладых вучоных» наведалі шэраг навуковых арганізацый Акадэміі навук.