Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

27.09.2024

Прэзентацыя выставы касмічных фатаграфій лётчыка-касманаўта Расіі Юрыя Батурына «Кароткае спатканне з Зямлёй»

27 верасня 2024 г. у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбылося адкрыццё і прэзентацыя выставы касмічных фатаграфій лётчыка-касманаўта Расіі, Героя Расіі, члена-карэспандэнта Расійскай акадэміі навук Юрыя Міхайлавіча Батурына «Кароткае спатканне з Зямлёй».

Арганізатары: НАН Беларусі, Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі, Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі пры падтрымцы Саюза фотамастакоў Расіі.

Юрый Міхайлавіч Батурын — лётчык-касманаўт Расіі, Герой Расіі, член-карэспандэнт Расійскай акадэміі навук, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі прыродазнаўства і тэхнікі імя С. І. Вавілава РАН, прафесар МДУ імя М. В. Ламаносава.
Ю. М. Батурын выканаў два касмічныя палёты:
у 1998 г. у якасці касманаўта-даследчыка на арбітальны комплекс «Мір» разам з Генадзем Падалкам і Сяргеем Аўдзеевым, вярнуўся на Зямлю з Талгатам Мусабаевым і Мікалаем Бударыным;
у 2001 годзе здзейсніў другі палёт у якасці бортінжынера (касманаўта-выпрабавальніка) на Міжнародную касмічную станцыю (МКС) разам з Талгатам Мусабаевым і Дэнісам Тыта — першым касмічным турыстам.
Парадкавы нумар касманаўта: у Савецкім Саюзе і Расіі — 90, у сусветнай класіфікацыі — 382. Касманаўт II класа.
У 2000–2009 гг. — намеснік камандзіра атрада касманаўтаў па навукова-выпрабавальнай і даследчай рабоце ЦПК імя Ю. А. Гагарына.
Ю. М. Батурын лаўрэат прэміі Саюза журналістаў СССР, расійскай прэміі «За выдатны ўклад у развіццё права масавай інфармацыі», прэміі Урада РФ, юрыдычнай прэміі «Феміда», шэрагу літаратурных прэмій.
Грамадская дзейнасць: член Саюза фотамастакоў Расіі (СФР), у 2014–2020 гг. — старшыня СФР, з 2020 г. — сакратар СФР; член Расійскай і міжнароднай асацыяцый удзельнікаў касмічных палётаў.

Фотавыстава «Кароткае спатканне з Зямлёй» — творчы вынік першага палёту Батурына на арбітальны комплекс «Мір». У 1999 годзе ў маскоўскім Політэхнічным музеі адбылася яе прэм’ера. Арганізатар выставы — Саюз фотамастакоў Расіі пры падтрымцы Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю. А. Гагарына. У 2001 годзе выставу дапоўнілі працы, зробленыя ў час другога палёту на Міжнародную касмічную станцыю. У цяперашні час выстава касмічных фатаграфій Ю. М. Батурына складаецца прыкладна са ста фатаграфій. Гэтая фотавыстава ў розных фарматах праводзілася ў Маскве –— у Політэхнічным музеі, у Музеі імя М. К. Рэрыха, у галерэі «Фотасаюз», у Доме журналіста, у іншых выставачных залах сталіцы Расіі, а таксама двойчы ў Санкт-Пецярбургу, двойчы ў Ніжнім Ноўгарадзе, Калузе, Іжэўску, Яраслаўлі, Дубне, Гагарыне, Чэбаксарах, Улан-Удэ, у іспанскай Валенсіі, у Ерэване, Душанбэ, Анкары, Пекіне, Любляне.

У Мінску, з прычыны абмежаванасці рэсурсаў, дэманструецца толькі невялікая частка выставы Ю. М. Батурына, але яна будзе суправаджацца лекцыяй аўтара пра касмічную фатаграфію з дэманстрацыяй больш поўнай калекцыі касмічных фатаграфій у электроннай форме.

«З Зямлі зорнае неба ўтульнае і нават хатняе ад водбліску Зямлі. У космасе пачынаеш адчуваць абстрактнае паняцце “Бясконцасць” цалкам наглядна. У формулах гэты матэматычны сімвал выглядаў цалкам мірна. А тут пераконваешся: бездань = без дна», — запісаў у палётным дзённіку касманаўт Юрый Батурын у час сваёй першай экспедыцыі на арбітальную станцыю «Мір».