11 кастрычніка 2024 г. адбыўся ўрачысты сход навуковай грамадскасці, прысвечаны Дню Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З дакладам выступіў Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў. У сваім выступленні ён успомніў выдатных вучоных Беларусі, якія заклалі падмурак сучасных навуковых школ, спыніўся на асноўных вехах станаўлення і развіцця Акадэміі навук, агучыў задачы, якія стаяць сёння перад акадэмічнай навукай.
З Днём НАН Беларусі прысутных павіншаваў міністр адукацыі краіны Андрэй Іванец, старшыня ВАК Аляксандр Гучок, член-карэспандэнт НАН Беларусі Міхаіл Мясніковіч. Акадэмікі-сакратары далажылі аб выніках працы навуковых арганізацый сваіх аддзяленняў.
На пасяджэнні ўручаны высокія ўзнагароды ад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
За шматгадовую плённую навукова-арганізацыйную дзейнасць, значны ўклад у развіццё навукі нагрудны знак «За заслугі перад Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі» быў уручаны: Аляксандру Міхалевічу, галоўнаму навуковаму супрацоўніку, навуковаму кіраўніку РНВУП «Інстытут энергетыкі НАН Беларусі», доктару тэхнічных навук, прафесару, акадэміку і Васілю Рубаніку, загадчыку лабараторыі ДНУ «Інстытут тэхнічнай акустыкі НАН Беларусі», доктару тэхнічных навук, прафесару, члену-карэспандэнту НАН Беларусі.
За плённую навуковую і навукова-арганізацыйную дзейнасць, работу па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, каардынацыю дзейнасці Савета маладых вучоных НАН Беларусі памятны знак «У гонар 100-годдзя Інстытута беларускай культуры» ўручаны Станіславу Юрэцкаму, дырэктару ДУ «Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі», кандыдату гістарычных навук.
Ганаровая грамата НАН Беларусі была ўручана загадчыку лабараторыі РУП «НПЦ НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі» Яўгену Жылічу.
Нагруднага знака «Вялікі медаль Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» ўдастоены Аляксандр Ільюшчанка, генеральны дырэктар ДНВА парашковай металургіі – дырэктар ДНУ «Інстытут парашковай металургіі імя акадэміка А. У. Романа». Узнагарода была ўручана на апаратнай нарадзе 14 кастрычніка 2024 года.
Завяршыў урачысты сход канцэрт, падрыхтаваны творчымі калектывамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Перад пачаткам мерапрыемства ўсе маглі азнаёміцца з выставай перадавых айчынных распрацовак у галіне штучнага інтэлекту і робататэхнікі.
13 кастрычніка — Дзень Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. 96 гадоў таму, 13 кастрычніка 1928 года, была прынята пастанова Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта і Савета Народных Камісараў БССР аб рэарганізацыі Інстытута беларускай культуры ў Беларускую акадэмію навук. А ўжо 14 кастрычніка 1928 года пастанова ЦВК і СНК БССР была апублікавана ў цэнтральных газетах Беларусі. Яе першым прэзідэнтам у снежні 1928 г. быў абраны вядомы беларускі гісторык Усевалад Ігнатоўскі. Адкрыццё Акадэміі навук адбылося 1 студзеня 1929 года. У розныя гады акадэмія мяняла сваю назву — першапачаткова называлася Беларуская акадэмія навук, затым Акадэмія навук Беларускай ССР, пасля Акадэмія навук Беларусі. З 1997 г. яна мае статус Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.