Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

28.10.2024

Навукоўцы Акадэміі навук прынялі ўдзел у добраахвотнай грамадскай акцыі «Дай лесу новае жыццё!»

26 кастрычніка 2024 года кіраўніцтва і супрацоўнікі НАН Беларусі прынялі ўдзел у добраахвотнай грамадскай акцыі «Дай лесу новае жыццё!». Прадстаўнікі Прэзідыума, навуковых арганізацый, Беларускага саюза жанчын, прафсаюзнай арганізацыі на чале са Старшынёй Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімірам Гусаковым працавалі на тэрыторыі Маладзечанскага доследна-вытворчага лясніцтва. На больш чым двух гектарах пасаджана 14 тысяч саджанцаў хвоі і бярозы.

Падводзячы вынік акцыі, Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў падкрэсліў: «Навукоўцы не маглі застацца ўбаку ад выдатнай акцыі па аднаўленні лясоў, якая праходзіць па ўсёй краіне. Мы сёння зрабілі вельмі карысную справу. Сімвалічна, што лясгас — даўні партнёр навуковых арганізацый Акадэміі. Гэта — палігон для навуковых даследаванняў нашых біёлагаў».

Заказнік мясцовага значэння «Верадоўскі бор», які знаходзіцца побач з тэрыторыяй, дзе працавалі навукоўцы, створаны па выніках даследаванняў Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі з мэтай захавання комплексу паўднёватайговых хвойных лясоў.

Па распараджэнні кіраўніка дзяржавы на тэрыторыі ляснога фонду краіны ліквідуюцца наступствы ліпеньскага ўрагану. Рэспубліканская добраахвотная акцыя «Дай лесу новае жыццё!» праходзіць з 12 кастрычніка па 12 лістапада 2024 г. Мэта акцыі — аднавіць пашкоджаныя ўраганам ветравальна-бураломныя ўчасткі.