Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

30.10.2024

28 кастрычніка дадзены ўрачысты старт 17-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі.

28 кастрычніка 2024 года ў НАН Беларусі дадзены ўрачысты старт 17-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі. З прывітальным словам да прысутных звярнуўся Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў. Ён падкрэсліў, што даследаванні беларускіх палярнікаў павінны прыносіць практычныя вынікі. 17 кастрычніка кіраўнік дзяржавы сустрэўся з удзельнікамі беларускіх антарктычных экспедыцый. «Адбылася шматбаковая размова пра выніковасць працы. Пытанні былі дастаткова строгія, і гэта правільна. Мы павінны забяспечваць вынікі, якія можна выкарыстоўваць у розных сферах, уключаючы ахову здароўя, распрацоўку тэхнічных і тэхналагічных сродкаў, выпрабаванні прыбораў, датчыкаў. Антарктыда — асаблівы кантынент, там асаблівыя ўмовы, без вялікага ўмяшання чалавека, што вельмі важна. Аднак і там выяўляюць пластык. Усё гэта заслугоўвае ўвагі. Вы ўсе ведаеце свае задачы. Склад экспедыцыі падбіраўся вельмі старанна, грунтоўна», — сказаў Уладзімір Гусакоў. Аляксей Гайдашоў, намеснік начальніка Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў НАН Беларусі — начальнік Беларускай антарктычнай экспедыцыі, расказаў пра будучую экспедыцыю, пра тое, як праходзіў адбор членаў каманды.

З цёплымі словамі пажаданняў да палярнікаў звярнуліся: Юлія Качурка, старшыня пярвічнай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» НАН Беларусі; Іван Бараноўскі, старшыня аб’яднанай галіновай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў НАН Беларусі; Станіслаў Юрэцкі, старшыня Савета маладых вучоных НАН Беларусі; Уладзімір Рыжыкаў, начальнік Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў НАН Беларусі; Уладзімір Левашкевіч, намеснік акадэміка-сакратара Аддзялення хіміі і навук аб Зямлі.

Да ўдзельнікаў 17-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі звярнуліся таксама Вольга Шпілеўская, старшыня ГА «Беларускі саюз жанчын» і прадстаўнікі ГА «Патрыёты Беларусі». Аляксею Гайдашову, намесніку начальніка Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў НАН Беларусі — начальніку Беларускай антарктычнай экспедыцыі перададзены сцягі гэтых грамадскіх арганізацый.

Сёлета ў Антарктыду адправяцца 14 чалавек. У складзе экспедыцыі — навуковыя супрацоўнікі НАН Беларусі (Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў НАН Беларусі, НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах, Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі, Інстытута фізікі імя Б. І. Сцяпанава НАН Беларусі), БДУ, Белгідрамету і інш.
У камандзе — 9 спецыялістаў, якія ўжо маюць досвед працы ў Антарктыдзе, 5 чалавек — пачаткоўцы.