29–30 кастрычніка 2024 года ў НАН Беларусі праходзіла XXI Міжнародная навуковая канферэнцыя маладых вучоных «Моладзь у навуцы – 2024». У працы канферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі з акадэмічных арганізацый і ВНУ Беларусі, Расіі, Узбекістана, Манголіі, Казахстана, Кыргызстана, Азербайджана, Арменіі, Турцыі. У праграме канферэнцыі былі заяўлены рэкордныя 600 удзельнікаў і 23 навуковыя секцыі.
Выступаючы з прывітальным словам, Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў падкрэсліў: «Гэта канферэнцыя — найбуйнейшае мерапрыемства ў Рэспубліцы Беларусь, накіраванае на абмен навуковымі ведамі і дасягненнямі сярод маладых вучоных, а таксама на ўмацаванне міждысцыплінарных сувязей і развіццё міжнароднага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва. Яна з’яўляецца базавай платформай для ўзаемадзеянняў маладых вучоных арганізацый, якія ўваходзяць у склад Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук (МААН), якая аб’ядноўвае 27 акадэмій і найбуйнейшых навуковых цэнтраў розных краін, закліканая ўзмацніць навуковае ўзаемадзеянне для вырашэння пытанняў захавання і развіцця нацыянальных навукова-тэхналагічных прастор, інтэграцыі нацыянальных акадэмій навук і вышэйшай школы».
На канферэнцыі выступіў міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь, член-карэспандэнт НАН Беларусі Андрэй Іванец. Ён адзначыў: «Хачу сказаць, што самае дарагое, што ёсць у кожнага вучонага, — гэта час. Сёння вы з’яўляецеся маладымі вучонымі, таму можаце ставіць самыя смелыя і амбіцыйныя задачы. Стаўце іх, бо маладосць — гэта той час, калі ёсць права на памылку, і час, каб яе выправіць, зрабіць правільна. Унікальнасць гэтай пляцоўкі ў тым, што тут збіраюцца даследчыкі практычна па ўсіх напрамках навукі, і менавіта ў зносінах, у міждысцыплінарным пошуку прыходзяць новыя самыя выдатныя вынікі».
Як расказаў журналістам старшыня Савета маладых вучоных НАН Беларусі Станіслаў Юрэцкі, кожны трэці даследчык у Акадэміі навук — гэта малады вучоны. «Канферэнцыя традыцыйная. Больш за 70 % яе ўдзельнікаў — гэта маладыя вучоныя Акадэміі навук, аднак тут нямала і прадстаўнікоў сістэмы ўстаноў вышэйшай адукацыі краіны, і, безумоўна, замежныя госці. На форуме прадстаўлены арганізацыі – члены Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук. Асобна хачу адзначыць тое, што ўпершыню на форум прыехалі вучоныя з Манголіі, якія возьмуць удзел у пленарным пасяджэнні і прадставяць даклады на секцыях», — расказаў Станіслаў Юрэцкі. Ён падкрэсліў, што для маладых вучоных канферэнцыя з’яўляецца першым крокам у дарослую навуку, магчымасцю заявіць пра сябе ў ходзе выступленняў, а таксама апублікаваць даклад у абагульняльным зборніку (усяго ў ім размешчана каля 600 работ).
За дні працы канферэнцыі, 29–31 кастрычніка 2024 года, маладыя вучоныя прадставілі вынікі даследаванняў па аграрным, біялагічным, медыцынскім, гуманітарным, фізіка-тэхнічным, фізіка-матэматычным, хімічным і геалагічным напрамках.
Па выніках форуму найлепшыя дакладчыкі былі адзначаны дыпломамі і каштоўнымі прызамі.
Пасля заканчэння канферэнцыі, 1 лістапада, адбыўся міжнародны форум навуковай моладзі «Шлях у навуку», на якім маладыя вучоныя даведаліся пра працэдуры атэстацыі навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі і магчымасці фінансавання моладзевых навуковых праектаў у Беларусі і за мяжой.
Мэтай міжнароднай навуковай канферэнцыі маладых вучоных «Моладзь у навуцы» з’яўляецца стымуляванне навукова-тэхнічнага, інавацыйнага патэнцыялу і прэзентацыя праектаў і навуковых распрацовак маладых вучоных, а таксама абмен досведам і думкамі па шырокім коле навуковых пытанняў. Арганізатар канферэнцыі — Савет маладых вучоных НАН Беларусі.