Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

24.01.2025

Беларускія палярнікі віншуюць навукоўцаў краіны з Днём навукі

Начальнік 17-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі Аляксей Гайдашоў ад імя ўсёй каманды павіншаваў усіх навукоўцаў, даследчыкаў і работнікаў навуковай сферы краіны з Днём беларускай навукі.

«Каманда 17-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі віншуе слаўную навуковую супольнасць Рэспублікі Беларусь з прафесійным святам Днём беларускай навукі!

Навука адна з асноў беларускай дзяржаўнасці і знаходзіцца ў прыярытэце дзяржаўнай палітыкі і асабіста Прэзідэнта.

Навуковымі даследаваннямі і распрацоўкамі ў нашай краіне займаецца больш за 25 тысяч чалавек з больш за 400 навуковых арганізацый, а Нацыянальная акадэмія навук Беларусі з'яўляецца ў гэтай сферы безумоўным лідарам ядром генерацыі новых ведаў!

Пры надзейнай падтрымцы дзяржавы і Прэзідэнта ў нашай краіне паспяхова развіваецца новая перспектыўная сфера дзейнасці па даследаванні і асваенні палярных раёнаў Зямлі, беларускія палярнікі ўносяць пасільны ўклад у развіццё сусветнай і беларускай навукі.

Сямнаццаты Антарктычны сезон таксама адзначаны значнымі для нашай краіны і навукі падзеямі. Паспяхова рэалізуюцца ўсе запланаваныя праграмы навуковых даследаванняў, уключаючы практыка-арыентаваныя. Праходзяць апрабацыю ў неспрыяльных умовах Антарктыкі новыя прыборныя комплексы, прамысловыя вырабы, матэрыялы і методыкі, распрацаваныя ў навуковых і вытворчых арганізацыях нашай краіны.

У гэтым сезоне праведзены два далёкія навуковыя паходы ў цяжкадаступныя горныя раёны Антарктыды, у працэсе якіх выкананы комплексныя практыка-арыентаваныя навуковыя даследаванні. Плошча навуковых і практычных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь у Антарктыдзе пашырана яшчэ на 650 км2. Выяўлены і абследаваны ўнікальны прыродны аб'ект тэрытарыяльнага значэння – ледзяны каньён, які ўяўляе несумненную навуковую цікавасць.

Паспяхова працягвае развівацца міжнароднае і двухбаковае расійска-беларускае супрацоўніцтва ў Антарктыцы:

у снежні 2024 г. удзельнікі 17-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі прынялі ўдзел у значным міжнародным навуковым праекце па даследаванні і карціраваннi найбуйнейшых леднікоў Антарктыды;

у складзе 17-й Беларускай экспедыцыі выконваюць даследчыя праграмы два супрацоўнікі Расійскай антарктычнай экспедыцыі;

у складзе 70-й Расійскай антарктычнай экспедыцыі беларускі спецыяліст прымае ўдзел у правядзенні ўнутрыкантынентальных санна-гусенічных паходаў на станцыю Усход. 11 студзеня 2025 г. упершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі на полюсе холаду Зямлі ўнутрыкантынентальнай станцыі Усход узняты дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь.

Працягваюцца работы па далейшым фарміраванні і развіцці інфраструктуры Беларускай даследчай станцыі. Напярэдадні Дня беларускай навукі завершаны работы па мантажы і ўводзе ў доследна-эксперыментальную эксплуатацыю новага сацыяльна-значнага аб'екта Беларускай антарктычнай станцыі – комплекса кают-кампаніі.

Рэспубліцы Беларусь і беларускай навуцы ёсць чым ганарыцца – з выкарыстаннем нацыянальных распрацовак і тэхналогій паспяхова працягваецца далейшае развіццё «кропкі апоры» нашай краіны і беларускай навукі на шостым кантыненце. Мы робім гэта разам!

Дзякуючы вашай нястомнай дзейнасці, імкненню да наватарства, творчаму пошуку, укараненню прагрэсіўных ідэй наша краіна мае магутны навукова-тэхналагічны патэнцыял і ўстойлівую перспектыву далейшага развіцця.

Жадаем вам новых выдатных адкрыццяў, сусветных прарываў і смелых рашэнняў у галіне навукі!

Міру, дабра і дабрабыту!
Моцнага палярнага здароўя і такой жа моцнай волі да перамогі ў дасягненні навуковых мэт!

Каманда 17-й БАЭ:

Аляксей Гайдашоў
Мікіта Ізідзераў
Сяргей Люты
Павел Конанаў
Віталь Хілько
Уладзімір Чарнюк
Аляксандр Бурдак
Алег Пяшкоў
Артур Івашка
Ілля Лапука
Мікалай Казлоўскі
Алег Мурашка
Аляксандр Калевіч
Уладзімір Несцяровіч
і прыкамандзіраваныя расійскія спецыялісты:
Аляксей Антропаў
Максім Фядоткін». 

Як паведамлялася, 28 кастрычніка 2024 года ў НАН Беларусі быў дадзены ўрачысты старт 17-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі. У Антарктыду адправіліся 14 чалавек пад кіраўніцтвам дасведчанага палярніка, удзельніка ўсіх папярэдніх 16-ці экспедыцый Аляксея Гайдашова. У складзе экспедыцыі – навуковыя супрацоўнікі НАН Беларусі (Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў НАН Беларусі, НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах, Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі, Інстытута фізікі ім. Б.I. Сцяпанава НАН Беларусі), БДУ, Белгідрамета і інш. У камандзе – 9 спецыялістаў, якія ўжо маюць досвед працы ў Антарктыдзе, 5 чалавек – пачаткоўцы.