27 студзеня 2025 года ў гонар Дня беларускай навукі вялікай групе вучоных НАН Беларусі ўручаны высокія ўзнагароды. Усяго ўзнагароджана звыш 50 чалавек.
Акадэміку – сакратару Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Аляксандру Каваленю прысвоена ганаровае званне «Поўны кавалер медалёў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі». Высокую ўзнагароду акадэміку ўручыў Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў.
Адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў шэрагу акадэмічных конкурсаў па выніках 2024 года. Уладзімір Гусакоў уручыў узнагароды лаўрэатам конкурсу на суісканне прэмій Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі; лаўрэатам Спецыяльнай прэміі Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі; лаўрэатам штогадовага конкурсу «100 маладых талентаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі»; пераможцам конкурсу селекцыйных дасягненняў на лепшы гатунак (гібрыд) сельскагаспадарчых раслін «Лепшы сорт». Дыпломы лаўрэатаў былі ўручаны таксама пераможцам конкурсу на лепшае прадстаўленне навуковых дасягненняў 2024 года ў сродках масавай інфармацыі. Гэта – прадстаўнікі вядучых сродкаў масавай інфармацыі краіны.
Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў уручыў Падзяку Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь дырэктару Інстытута мікрабіялогіі Аляксандру Шапшалёву, нагрудныя знакі адрознення імя У.М. Ігнатоўскага, Ганаровую Грамату Акадэміі навук. Уручаны таксама ўзнагароды ВАК.