Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

06.02.2025

У НАН Беларусі адбылася нарада па праграмах Саюзнай дзяржавы

6 лютага 2025 г. у НАН Беларусі адбылася нарада з удзелам Дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Дзмітрыя Фёдаравіча Мезенцава з прадстаўнікамі міністэрстваў і ведамстваў Рэспублікі Беларусь –  дзяржаўных заказчыкаў праграм і мерапрыемстваў Саюзнай дзяржавы.

Як адзначыў перад пачаткам нарады дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў, у Саюзнай дзяржаве цяпер выканана 78 праграм на агульную суму звыш 60 млрд расійскіх рублёў і вельмі важна, каб гэтыя вынікі былі ўпісаны ў агульную інтэграцыйную канву, а грошы выдаткоўваліся разумна, на карысць нацыянальных эканомік. Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў падкрэсліў, што рэалізацыя адпаведных праграм дапамагла як Беларусі, так і Расіі значна ўмацаваць навуковую базу. Сёння гаворка ідзе аб фарміраванні адзінай нават не навукова-тэхналагічнай, а навукова-інавацыйнай прасторы абедзвюх дзяржаў у розных галінах, уключаючы космас, матэрыялазнаўства, распрацоўку суперкамп'ютара. На дадзены момант, па яго словах, рыхтуецца сумесная праграма ў сферы мікраэлектронікі. Першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Сяргей Чыжык падкрэсліў: сёння навукоўцам дзвюх краін ва ўмовах новых выклікаў важна вызначыцца з перспектыўнымі кірункамі будучых распрацовак. Традыцыйна прыярытэт аддаецца тым з іх, якія здольныя весці за сабой тэхналогіі ў цэлым, развіваць эканоміку ў розных галінах. Раней падобнымі навуковымі вектарамі станавіліся космас і распрацоўкі ў галіне камп’ютарнай тэхнікі, сёння акцэнт варта рабіць на штучным інтэлекце. Акадэмік не адмаўляе, што ў перспектыве можа з'явіцца і саюзная праграма ў сферы ШІ.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў нарады звярнуліся Дзмітрый Мезенцаў і Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў. На мерапрыемстве былі падведзены вынікі выканання праграм, мерапрыемстваў і асваення сродкаў бюджэту Саюзнай дзяржавы ў 2024 годзе, а таксама разгледжаны ход падрыхтоўкі пытанняў, якія плануюцца да ўнясення на разгляд Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы ў 2025 годзе. У ходзе нарады быў разгледжаны ход рэалізацыі 18 праграм і 7 мерапрыемстваў Саюзнай дзяржавы ў сферах абароны, бяспекі, праваахоўнай дзейнасці, абаронна-прамысловага і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, сацыяльнай палітыкі і эканомікі.