З 13 па 21 лютага 2025 года Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі праводзіць мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага. Гэта – лекцыі, круглыя сталы, прэзентацыі, выставы, сустрэчы і адукацыйна-забаўляльныя мерапрыемствы. Усе яны прысвечаны праблеме захавання, развіцця і папулярызацыі беларускай мовы.
13 лютага – сустрэча дырэктара Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігара Капылова і старшыні Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіі Эльвіры Ярмоленка са студэнтамі і выкладчыкамі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава. Падчас выступлення навукоўцы раскажуць пра ролю нацыянальнай мовы, асноўныя навуковыя напрамкі дзейнасці Інстытута мовазнаўства і дасягненні акадэмічных мовазнаўцаў. Адбудзецца сустрэча настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры агульнаадукацыйных школ Віцебскай вобласці з першым намеснікам дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Аляксандрам Бараноўскім, дырэктарам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Ігарам Капыловым і вядучым навуковым супрацоўнікам аддзела гісторыі беларускай мовы Эльвірай Ярмоленка пад назвай «Пароль неўміручасці – родная мова». У Віцебскай абласной бібліятэцы імя У. I. Леніна пройдзе прэзентацыя кнігі «Беларуская мова ад А да Я». Гэта выданне адрасавана ўсім, хто цікавіцца мінулым і сучаснасцю беларускай мовы і жадае далучыцца да яе скарбаў.
14 лютага пройдзе сустрэча дырэктара Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігара Капылова і старшыні Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіі пры НАН Беларусі Эльвіры Ярмоленка са студэнтамі і выкладчыкамі Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта па тэме «Фарміраванне моўнай кампетэнцыі будучых урачоў ва ўмовах дзяржаўнага білінгвізму Беларусі».
17 лютага ў 13.15 у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка пачнецца інтэрактыўная навукова-папулярная лекцыя «Кнігі нашых продкаў». Мэта мерапрыемства – азнаямленне студэнтаў з нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчынай, папулярызацыя вынікаў дзейнасці акадэмічных вучоных, умацаванне супрацоўніцтва паміж НАН Беларусі і ўстановамі вышэйшай адукацыі. У 15.00 адбудзецца падпісанне дагавору аб супрацоўніцтве паміж Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі і ДУА «Гімназія № 22 г. Мінска» ў рамках «Школы юнага лінгвіста». У 18.00 пачнецца прэзентацыя кнігі «Беларуская мова ад А да Я» ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа.
18 лютага ў 10.00 у Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры (вул. Сурганава 1, корп. 2, каб. 302) пачнецца міжнародная навуковая канферэнцыя «Нацыянальныя літаратуры ў эпоху глабалізацыі: тэорыя, практыка адаптацыйных працэсаў, вынікі», прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі I. Я. Навуменкі. У 11.00 пачнецца прэзентацыя «Скарбы шматграннай моўнай культуры Беларусі: унікальныя матэрыялы з архіва Аляксандра Адамовіча» з публічнай перадачай архіва аддзелу рэдкай кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Далей у 14.00 адбудзецца яшчэ адна прэзентацыя: у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа можна будзе паслухаць аўтараў кнігі «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак: аналітычныя і даведачна-інфармацыйныя матэрыялы». Завяршаючым дзень мерапрыемствам у 15.30 стане сустрэча са студэнтамі факультэта журналістыкі БДУ і маладымі вучонымі Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, прысвечаная тэме «IT у сучаснай моўнай прасторы: вопыт выкарыстання беларускай мовы пры рабоце з нейрасеткамі».
19 лютага ў 11.00 пачнецца сустрэча са слухачамі і студэнтамі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, тэма якой — «Роля акадэмічнага мовазнаўства ў фарміраванні прафесійнай кампетэнцыі сучаснага кіраўніка». У 12.00 слухачы і студэнты Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь наведаюць Музей старажытнабеларускай культуры. У 12.30 у БДУ будзе прачытана лекцыя для студэнтаў філалагічнага факультэта «Фарміраванне лексічнага складу беларускай мовы ва ўмовах міжмоўных кантактаў». У 13.30 у Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы літаратуры НАН Беларусі пройдзе творчая сустрэча акадэмічных вучоных-мовазнаўцаў з беларускімі пісьменнікамі. У 15.00 пісьменнікі наведаюць Музей старажытнабеларускай культуры. У 15.30 пачнецца інтэлектуальнае спаборніцтва «Мова роднай зямлі» з удзелам студэнтаў факультэта пачатковай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка і студэнтаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Мэтай мерапрыемства будзе патрыятычнае і духоўна-маральнае выхаванне студэнтаў, паглыбленне іх ведаў аб роднай мове, пашырэнне іх кругагляду, умацаванне супрацоўніцтва паміж НАН Беларусі і ўстановамі вышэйшай адукацыі.
20 лютага ў 11.00 перадсвяточны дзень пачне круглы стол «Захаванне нацыянальнай своеасаблівасці арыгінала ў перакладзе з блізкіх і далёкіх моў». У 13.00 пачнецца інтэлектуальны конкурс на базе Беларускай натарыяльнай палаты. У 14.00 адбудзецца творчая сустрэча акадэмічных навукоўцаў-мовазнаўцаў з вучнямі школы № 140 г. Мінска, школы № 8 г. Жодзіна і студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў пад назвай «Вучоны пазна́е любую праблему і сфармулюе даследчую тэму». У 15.00 удзельнікі творчай сустрэчы наведаюць Музей старажытнабеларускай культуры. У 16.00 можна будзе наведаць прэзентацыю трох альбомаў навукова-папулярнай серыі «Фальклорныя скарбы Беларусі». На мерапрыемстве будуць прадстаўлены альбомы «“Адкуль праўда і крыўда”: беларускія народныя легенды і былічкі», «“Добрая прыказка як да мяшка прывязка”: беларускія прыказкі з рускімі і англійскімі адпаведнікамі», «“Вадзіца-царыца, усяму свету памачніца”: беларускія замовы». Выступяць складальнікі, перакладчыкі, рэдактары, мастакі. Будзе разгорнута выстава майстроў выцінанкі, а таксама адбудзецца выступленне фальклорнага гурта «Стажары».
21 лютага (Міжнародны дзень роднай мовы) у 11.00 пачнецца інтэрактыўная навукова-папулярная лекцыя «Па старонках беларускай пісьмовай спадчыны» для навучэнцаў старэйшых класаў гімназіі № 22 г. Мінска. Таксама ў 11.00 у Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры пачнецца круглы стол для маладых даследчыкаў «Славістыка. Анамастыка. Этналінгвістыка».
21 лютага з 13.00 да 14.00 у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі (вул. Сурганава, 15, інфармацыйна-выставачны цэнтр, каб. 110) адбудзецца Рэспубліканскi дыктант па беларускай мове, прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы і 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Дыктант будзе транслявацца таксама па канале «Культура» Беларускага радыё.
У 14.00 пачнецца завяршаючае святочны тыдзень мерапрыемства – сустрэча з работнікамі інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па горадзе Мінску пад назвай «З гісторыі роднага слова», на якой у папулярнай форме будзе расказана пра гісторыю беларускай мовы, яе алфавіт, лексіку і помнікі пісьменства. Сустрэча завершыцца займальнай віктарынай і чытаннем тэксту на старабеларускай мове.
Міжнародны дзень роднай мовы – штогадовае свята, заснаванае ў 1999 годзе рашэннем Генеральнай сесіі ЮНЕСКА. Яго галоўная мэта – захаванне моўнай і культурнай разнастайнасці ў свеце, падтрымка нацыянальных моў і культур, а таксама забеспячэнне права кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа) традыцыйна праводзіць мерапрыемствы, прымеркаваныя да Міжнароднага дня роднай мовы, сярод якіх вялікая колькасць мерапрыемстваў, прысвечаных праблеме захавання, развіцця і папулярызацыі беларускай мовы.
Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі – вядучая навуковая ўстанова краіны, якая займаецца забеспячэннем паспяховага функцыянавання беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Інстытут забяспечвае каардынацыю і правядзенне сістэмных даследаванняў у галіне беларускага мовазнаўства.
Прэс-служба НАН Беларусі