12-13 лютага 2025 года адбылася Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Навука. Бібліятэка. Інфармацыя", прысвечаная 100-годдзю Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі. Яе арганізатарамі выступілі НАН Беларусі, ДНУ «Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі», Беларуская бібліятэчная асацыяцыя.
На ўрачыстым адкрыцці з прывітальным словам выступіў Галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі Васіль Гурскі. Ён падкрэсліў і перадаў словы Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Гусакова, аб тым, што 100-гадовы юбілей ЦНБ НАН Беларусі – маштабная падзея для ўсёй беларускай культуры і навукі. Дырэктар ЦНБ НАН Беларусі Станіслаў Юрэцкі выступіў з дакладам аб дзейнасці бібліятэкі і далейшых перспектывах яе развіцця. Па яго словах, бібліятэка ідзе ў нагу з часам. У прыватнасці, чытачам даступныя пакеты электронных баз даных. «Бібліятэка абслугоўвае карыстальнікаў стацыянарна і анлайн, функцыянуюць чытальныя залы. Для карыстальнікаў даступныя электронная дастаўка дакументаў, віртуальная даведачная служба, міжбібліятэчны абанемент, паслуга выбранай дастаўкі навуковай інфармацыі ў асабісты кабінет карыстальніка», – адзначыў дырэктар бібліятэкі.
На пленарным пасяджэнні цёплыя словы прывітання гучалі ад прадстаўнікоў бібліятэк, архіваў, устаноў адукацыі і навукі Беларусі і замежных гасцей. Падчас урачыстага мерапрыемства былі ўзнагароджаны лепшыя супрацоўнікі бібліятэкі. Пасля пленарнага пасяджэння канферэнцыя працягнула сваю работу па секцыях у ЦНБ НАН Беларусі. На выставе «Iнавацыі і дасягненні ЦНБ НАН Беларусі – гісторыя служэння беларускай навуцы» дэманстраваліся выданні ЦНБ НАН Беларусі, прысвечаныя гісторыі станаўлення і развіцця бібліятэкі.
12 лютага 2025 года адбылося падпісанне Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Цэнтральнай навуковай бібліятэкай НАН Беларусі і Бібліятэкай Расійскай акадэміі навук. Подпісы пад пагадненнем паставілі дырэктар ЦНБ НАН Беларусі Станіслаў Юрэцкі і Вольга Скварцова, дырэктар бібліятэкі РАН.
У рабоце Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Навука. Бібліятэка. Інфармацыя» прынялі ўдзел больш за 200 навукоўцаў і спецыялістаў, якія прадстаўляюць найбуйнейшыя бібліятэкі і архівы, установы вышэйшай адукацыі нашай краіны, Расійскай Федэрацыі і Кітая, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі, «Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэкі ім. І. С. Лупіновіча» НАН Беларусі, Рэспубліканскай навуковай медыцынскай бібліятэкі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі, Бібліятэкі Расійскай акадэміі навук, Дзяржаўнай публічнай гістарычнай бібліятэкі Расіі, Дзяржаўнай публічнай навукова-тэхнічнай бібліятэкі Расіі, Архіва Расійскай акадэміі навук, Навукова-тэхналагічнай бібліятэкі правінцыі Гуандун і многія іншыя.
Удзельнікі форуму абмеркавалі наступныя праблемы: станаўленне і развіццё навуковых бібліятэк, накірункі іх навукова-даследчай работы; бібліятэка і навуковая камунікацыя; інфармацыйна-аналітычнае забеспячэнне навукі, адукацыі, культуры, прамысловай і сацыяльнай сфер; праблема фарміравання чытацкай кампетэнтнасці і практыкі чытання насельніцтва; бібліятэка і адкрытая навука; рукапісныя матэрыялы, рэдкія кнігі і кніжныя зборы ў фондах бібліятэк; музейныя экспазіцыі ў бібліятэках; узаемадзеянне бібліятэкі і вышэйшай школы. Работа 5-ці секцый форуму праходзіла 12 і 13 лютага 2025 года на базе Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі.
У ходзе канферэнцыі былі арганізаваны: 12 лютага 2025 года – Беларуска-Расійскі семінар па развіцці міжнароднага бібліятэчна-інфармацыйнага супрацоўніцтва. 13 лютага 2025 года – майстар-клас Вольгі Ушаковай, намесніка генеральнага дырэктара па бібліятэчнай рабоце Дзяржаўнай публічнай навукова-тэхнічнай бібліятэкі Расіі (Масква) «Iнструменты персаналізацыі бібліятэчна-інфармацыйнага абслугоўвання ў лічбавым асяроддзі для інфармацыйна-аналітычнага забеспячэння чытачоў навукова-тэхнічных бібліятэк».
Матэрыялы канферэнцыі складуць зборнік, які будзе выдадзены, а таксама размешчаны ў нацыянальнай інфармацыйна-аналітычнай сістэме «Расійскі індэкс навуковага цытавання».