Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

11.02.2025

Аб'яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі адзначыў 60-гадовы юбілей

10 лютага 2025 года адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 60-гадоваму юбілею Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі. На працягу шасці дзесяцігоддзяў інстытут з'яўляецца флагманам у галіне інфармацыйных тэхналогій. За гэтыя гады было рэалізавана мноства перадавых распрацовак, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё навукі і тэхналогій. Шырока вядомыя дасягненні інстытута ў стварэнні высокапрадукцыйных суперкамп'ютарных сістэм, запатрабаваных для вырашэння практычных задач у машынабудаванні, медыцыне і лагістыцы, у сферы бяспекі дзяржавы. Атрымалі прызнанне работы калектыва iнстытута па развіцці новых кірункаў даследаванняў у галіне робататэхнікі, штучнага інтэлекту, нейрасеткавых тэхналогій, біяінфарматыкі, аўтаматызацыі і праектавання, геаінфармацыйных сістэм, лічбавай картаграфіі, інфармацыйна-касмічных тэхналогій.
Як адзначыў на ўрачыстым мерапрыемстве першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Сяргей Чыжык, сёння развіццё штучнага інтэлекту ставіць перад навукоўцамі новыя выклікі. Ён адзначыў, што інстытут шмат чаго дасягнуў у самых розных сферах: у галіне аналізу медыцынскіх выяў, лічбавых двайнікоў, біяінфарматыкі, мадэлявання лекаў, стварэння суперкамп'ютараў для розных мэт, у касмічнай сферы. «Застаецца толькі пажадаць так трымаць, здабываць новае, каб у нас былі свае тэхналогіі, а не замежныя», — падкрэсліў першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі.
Генеральны дырэктар Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі Сяргей Круглікаў падкрэсліў, што Аб'яднаны інстытут праблем інфарматыкі — значная структура як у гісторыі Савецкага Саюза, так і Беларусі. Ён адказвае ў нашай краіне за інфарматызацыю ў розных сферах дзейнасці. Адна з іх — ахова здароўя. Гэта галіна, якая найбольш хутка прагрэсiруе. «Мы пачыналі з электроннай аховы здароўя са звычайнымі інфармацыйнымі медыцынскімі сістэмамі. Зараз жа перайшлі да аховы здароўя інтэлектуальнай. У ёй з дапамогай штучнага інтэлекту ўвасабляюцца ўсе задумкі медыкаў, каб палегчыць іх працу, але ні ў якім разе не замяніць іх саміх. Гаворка ідзе аб апрацоўцы біямедыцынскіх выяў. Яны значна палягчаюць і паскараюць дыягностыку розных захворванняў. Сёння каманда нашага інстытута ўваходзіць у першую сусветную дзясятку краін, якія займаюцца апрацоўкай рознага віду выяў», — падкрэсліў Сяргей Круглікаў.
Да юбілейнай даты ў iнстытуце адкрыўся музей, дзе прадстаўлены гістарычныя моманты станаўлення і развіцця інстытута. Асаблівае месца ў экспазіцыі занялі значныя навуковыя і прыкладныя распрацоўкі, якія адыгралі ключавую ролю ў станаўленні беларускай навукі. Падчас урачыстага мерапрыемства лепшым навукоўцам уручылі юбілейныя памятныя знакі і ўзнагароды за іх уклад у развіццё інстытута.

Тэгi
#юбілеі