Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

08.09.2025

У Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі адбыўся фестываль навукі – 2025

6 верасня 2025 г. у Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі адбылася галоўная навукова-папулярная падзея краіны – Фестываль навукі. Арганізатар мерапрыемства – Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. Сёлета фестываль навукі сабраў больш за 170 удзельнікаў, сярод якіх больш за 20 з Расіі.

Ва ўрачыстым адкрыцці фестывалю прынялі ўдзел: Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Каранік, касманаўты Алег Навіцкі і Марына Васілеўская, прарэктар МДУ па інфарматызацыі, арганізацыі і суправаджэнні мерапрыемстваў, кіраўнік дырэкцыі міжнароднага фестывалю «Навука 0+» Леанід Гусеў.

Батанічны сад не першы год гасцінна прымае Фестываль навукі. «Гэта нагляднае пацвярджэнне таму, што навука можа быць яркай і цікавай. Гэта той крэатыў, якім заражаюць маладыя навукоўцы. Гэта пацвярджэнне таму, што ў нашай беларускай навукi ёсць таленавітая і мэтанакіраваная будучыня, людзі, якія хочуць пазнаваць нязведанае і вырашаць складаныя задачы», – звярнуў увагу Уладзімір Каранік.

Сёння моладзь ідзе ў навуку. «Каля 29 % даследчыкаў у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі – маладыя навукоўцы. І зараз наша задача дапамагчы ім стаць на ногі, дапамагчы ім рэалізаваць свой патэнцыял. Каб мы ні аднаго з унікальных спецыялістаў не страцілі. Наадварот, расчысцілі ім поле зроку і злёгку прыўзнялі, каб ім нічога не перашкаджала зазірнуць за гарызонт і ўбачыць там тое, што будзе праслаўляць і далей айчынную навуку», – звярнуў увагу Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі.

На пляцоўцы Цэнтральнага батанічнага саду НАН Беларусі былі арганізаваны тэматычныя пляцоўкі, лекцыі ад вядомых навукоўцаў, выставы дасягненняў з розных абласцей навукі, інтэрактыўныя навуковыя эксперыменты і майстар-класы для наведвальнікаў усіх узростаў і інтарэсаў. Галоўнымі пляцоўкамі мерапрыемства сёлета сталі: «Космас», «Медыцына», «Iнтэлектуальныя тэхналогіі», «Універсітэт будучыні», «Экалогія», «Смак навукі», ATАM TEAM і «Лабараторыя». У рамках Фестывалю навукі ўжо не ў першы раз праходзіць выстава-конкурс «100 інавацый маладых навукоўцаў», на якой прадстаўлены 130 разнастайных распрацовак і праектаў.

Паводле ацэнак арганізатараў фестывалю ўсяго мерапрыемства наведала каля 38 тысяч чалавек. Плюс удзельнікі, якія працавалі непасрэдна на сваіх лакацыях.

З падрабязнай інфармацыяй аб усіх лекцыях і актыўнасцях фестывалю чытайце на сайце мерапрыемства https://scifest.by