Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

13.10.2025

Віншаванне з Днём НАН Беларусі ад Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Сцяпанавіча Караніка

Паважаныя калегі, дарагія сябры!


Ад імя Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і сябе асабіста шчыра віншую з нашым агульным святам – Днём НАН Беларусі.

Гісторыя Акадэміі непарыўна звязана з гісторыяй першай навуковай арганізацыі акадэмічнага тыпу ў краіне – Інстытутам беларускай культуры (Інбелкультам). Менавіта ў гэты дзень, 13 кастрычніка 1928 года, рашэннем Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта і Савета народных камісараў БССР Інбелкульт быў рэарганізаваны ў Беларускую акадэмію навук.

У гэтае свята, успамінаючы мінулае беларускай навукі, мы ўпэўнена глядзім у будучыню. Менавіта ў гэты дзень традыцыйна пачынаецца агляд інавацый у сферы штучнага інтэлекту ў рамках Форуму IT-Акадэмграда «Штучны інтэлект у Беларусі» і маштабнай экспазіцыі, прысвечанай развіццю AI-тэхналогій.

Сёння Нацыянальная акадэмія навук – гэта навукова-вытворчая карпарацыя, якая аб'ядноўвае лепшыя навуковыя сілы краіны. Дзяржава ставіць перад намі задачы ў галіне распрацоўкі фундаментальных асноў развіцця эканомікі, прамысловасці, сельскай гаспадаркі, аховы здароўя, забеспячэння гуманітарнай бяспекі краіны. Вопыт і веды акадэмічных навукоўцаў запатрабаваныя ў грамадстве, наша экспертнае меркаванне ўлічваецца пры прыняцці важных дзяржаўных рашэнняў. Быць акадэмічным навукоўцам не толькі ганарова, але і адказна. Працуючы на карысць навукі, мы павінны ўдасканальваць свае веды і кампетэнцыі, ісці ў нагу з часам.

НАН Беларусі імкнецца да пераемнасці пакаленняў вучоных, сплаву маладосці і вопыту. Гэта ярка прадэманстравала выстава-конкурс «100 інавацый маладых навукоўцаў», пераможцы і ўдзельнікі якой былі нядаўна адзначаны дыпломамі НАН Беларусі.

Дарагія сябры!

Выказваю падзяку за плённую працу, адданае служэнне Радзіме, ініцыятыўнасць і мэтанакіраванасць для вырашэння важных дзяржаўных задач! Жадаю моцнага здароўя, новых творчых поспехаў і адкрыццяў.

Уладзімір КАРАНІК,
Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі